Пасол ЕЗ у Іраку: Рэйсы з Ірака ў Менск павінны быць адмененыя на 10 дзён



Рэйсы з Ірака ў Менск павінны быць адмененыя на найбліжэйшыя дзесяць дзён, паведамляе BNS са спасылкай на пасла Еўрапейскага звяза ў Іраку Марціна Хута.

„Мы атрымалі інфармацыю з некалькіх крыніц, што адмяняюцца рэйсы на найбліжэйшыя дзесяць дзён. Гэта здаецца вельмі надзейнай інфармацыяй. Наколькі нам вядома, „Іракскія авіялініі” праінфармавалі аб гэтым усе турыстычныя агенцтвы краіны”, — паведаміў Хут увечары 4 жніўня.

Ён дадаў, што пакуль не атрымаў афіцыйнага паведамлення ад кампаніі „Іракскія авіялініі”.

Паводле слоў дыпламата, іракскі ўрад 3 жніўня сфармаваў камітэт для расследавання магчымага незаконнага ўвозу іракскіх мігрантаў у Літву праз Беларусь.

2 жніўня літоўскіх памежнікаў абавязалі вяртаць нелегалаў на тэрыторыю Беларусі. Кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце паведаміла, што ў працэсе аховы дзяржмяжы і для яе абароны ад нелегальных мігрантаў памежнікаў абавязалі накіроўваць просьбітаў прытулку да найбліжэйшага міжнароднага кантрольна-прапускнога пункта або ў дыппрадстаўніцтва.

4 жніўня Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі паведаміў аб тым, што на беларуска-літоўскай мяжы памёр замежнік. „Уначы, паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, паблізу беларуска-літоўскай мяжы ў раёне населенага пункта Беняконі знойдзены мужчына неславянскай знешнасці, — гаворыцца ў паведамленні. — Знешне стан ацэньваўся як вельмі цяжкі. Беларускія памежнікі на месцы аказалі першую медыцынскую дапамогу, але, нягледзячы на гэта, мужчына памёр”.

Інфармацыя аб гібелі чалавека на беларуска-літоўскай мяжы з’явілася раніцай 4 жніўня ў беларускіх праўладных тэлеграм-каналах.

Тэлеграм-канал „Пул Першага” паведаміў, што „аб шакавальным забойстве іракца, які вяртаўся з Літвы”, неадкладна паінфармаваны Аляксандр Лукашэнка.

Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў інцыдэнт з гібеллю мігранта на мяжы з Беларуссю правакацыяй.

belapan.by