Затрыманы філосаф Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца на Акрэсціна



Затрыманы напярэдадні ў Менску філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца на Акрэсціна, паведамілі БелаПАН яго сваякі.

Пра прычыны затрымання і пра тое, які працэсуальны статус Мацкевіча, ім невядома.

Раніцай 4 жніўня сілавікі прыйшлі з вобшукамі да прадстаўнікоў міжнароднай няўрадавай арганізацыі „ЕўраБеларусь” — Уладзіміра Мацкевіча і кіраўніка некамерцыйнай ініцыятывы „Лятучы ўніверсітэт” сацыёлага Таццяны Вадалажскай, а таксама да экс-кіраўніка Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і „ЕўраБеларусі” Улада Вялічкі, які ў апошнія два з паловай гады адышоў ад грамадскай дзейнасці. Паводле папярэдняй інфармацыі, вобшукі праводзілі супрацоўнікі КДБ.

Жонка Вялічкі паведаміла БелаПАН, што ў пастанове аб вобшуку фігуравала 17 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яе муж быў затрыманы ў якасці падазраванага. Позна ўвечары 4 жніўня яго адпусцілі.

Паводле інфармацыі генеральнага дырэктара „ЕўраБеларусі” Андрэя Ягорава, Вадалажская затрыманая ў крымінальным парадку і знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Таксама ўчора стала вядома аб затрыманні сацыёлага Аксаны Шэлест. Пазней Ягораў паведаміў у сацсетках, што яна вызваленая.

belapan.by