Крысціна Ціманоўская хоча працягнуць займацца спортам (абноўлена)



Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская заявіла, што не думае пакуль пра палітычны прытулак у Польшчы і хоча працягнуць займацца спортам.

З такімі словамі яна выступіла ў Варшаве на прэс-канферэнцыі:

– Мы павінны разам з мужам прыняць гэтае рашэнне. Але я спадзяюся, што мы зможам застацца тут і працягнуць маю кар’еру, і муж зможа знайсці тут працу. Вельмі засмучаная тым, што ў мяне адабралі шанец на алімпійскія гульні. Нават пасля той сітуацыі, якая адбылася, мы спрабавалі падаць пратэст, каб я ўсё ж змагла прыняць удзел. Гэта былі доўгія пяць год падрыхтоўкі, давялося вельмі шмат перажыць: і траўмы, і ковід.  Але ўсё ж такі я спадзяюся на тое, што ў маім жыцці гэта былі не апошнія алімпійскія гульні. Я разлічваю, як мінімум на два такіх старты. Таму буду рабіць усё максімальна магчымае, каб як мага хутчэй вярнуцца ў строй і працягнуць далей сваю кар’еру.

Крысціна Ціманоўская заявіла, што мае намер вярнуцца ў Беларусь, калі будзе ўпэўненая, што ёй там нічога не пагражае. Пры гэтым яна распавяла, што выбар на Польшчу, дзе яна цяпер знаходзіцца, упаў пасля яе размоў з бацькамі, „якія сказалі, што, магчыма, гэта будзе лепшы для яе варыянт, таму што яны змогуць прыязджаць, каб часам сустрэцца”.

У сваю чаргу кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які садзейнічаў прылёту Крысціны Ціманоўскай у Варшаву, адзначыў, што працэс разгляду скаргі на адхіленне спартоўкі ад спаборніцтваў Нацыянальным алімпійскім камітэтам яшчэ не завершаны:

– Вы ведаеце, што міжнародны спартовы суд разглядаў першасны зварот Крысціны. Ён быў складзены ад яе імя “Беларскім фондам спартовай салідарнасці” дзеля таго, каб адмяніць рашэнне пра адхіленнне яе ад удзелу ў спаборніцтвах. Гэта не ўдалося зрабіць з прычыны таго, што міжнародны суд разглядаў гэтае пытанне ўжо пасля таго, як адбыліся спаборніцтвы. Да цяперашняга моманту мы не ведаем, ці прадаставіў адпаведныя матэрыялы Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Што таксама ўскладняе разгляд гэтага пытання.

Крысціна Ціманоўская раскрытыкавала спартовых чыноўнікаў Беларусі за тое, што лёгкаатлетак, якія мусілі бегчы эстафету, не дапусцілі да Алімпіяды праз недастатковую колькасць допінг-пробаў. Гэта прывяло да скандалу са зняццём спартоўкі са спаборніцтваў і спробай прымусова вярнуць дадому. Дзякуючы намаганням „Беларускага фонду спартовай салідарнасці”, беларускай дыяспары і міжнароднай супольнасці Ціманоўская атрымала магчымасць прыехаць у Польшчу. Раней Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі Беларусі паведаміў пра звальненні Крысціны Ціманоўскай.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

Беларуская атлетка Крысціна Ціманоўская, якая ўваходзіла ў склад нацыянальнай зборнай на Алімпійскіх гульнях у Японіі, а напярэдадні прыляцела ў Варшаву, сёння, 5 жніўня, на прэсавай канферэнцыі заявіла, што была злёгку здзіўленая, што ўся сітуацыя абярнулася палітычным скандалам, таму што гэта тычылася толькі спорту:

– Так, я злёгку здзіўленая, што ўся гэтая сітуацыя стала такім палітычным скандалам, таму што гэта была сітуацыя, якая тычылася толькі спорту. Была памылка, з-за каторай не змаглі дзве ўдзельніцы прыехаць на алімпійскія гульні. І тое, што я хацела выказаць, гэта тое, што хтосьці павінен панесці адказнасць за гэту памылку. І я ніякім чынам не спрабавала звязваць гэта з палітыкай. Таму тое, што адбылося, стала для мяне вялікім здзіўленнем.

Крысціна Ціманоўская прыехала на Алімпіяду, каб прыняць удзел у забегу на дыстанцыі 200 метраў. Аднак пасля крытыкі спартовых функцыянераў з яе боку, Нацыянальны Алімпійскі камітэт Беларусі адхіліў яе ад удзелу ў Алімпіядзе і прыняў рашэнне адправіць Ціманоўскую дадому. У аэрапорце яна запісала відэа, у якім прасіла дапамогі, бо яе спрабавалі вывезці без яе згоды.

На наступны дзень Польшча дала ёй гуманітарную візу і транзітам праз Аўстрыю Крысціна Ціманоўская апынулася ў Варшаве. Спартовы арбітражны суд адмовіўся скасаваць адхіленне атлеткі ад гульняў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя