Зміцер Косцін: Хацелася б каб фестываль прыжыўся і стаў традыцыйным (абноўлена)



Фестываль абуджаных Tutaka стартуе сёння, 6 жніўня, на Беласточчыне. Цягам двух дзён удзельнікаў чакаюць канцэрты, дыскусіі, прагляды фільмаў, майстар-класы для дзяцей і дарослых, а таксама супольныя забавы.

Фестываль пройдзе ва ўрочышы Барык каля Гарадка, там, дзе 30 гадоў адбывалася “Басовішча”. Як кажа адзін з арганізатараў, журналіст Польскага радыё Беласток Зміцер Косцін, хоць месца і тое самае, але ідэя фестывалю ўжо іншая.

Што нас чакае сёння і заўтра на фестывальных пляцоўках – раскажа наш сённяшні госць.

РР: Будзем гаварыць пра фестываль Tutaka. Ён стартуе ўжо сёння. Разумею, што арганізатары, напэўна, змучаныя арганізацыйнымі пытаннямі. Але ўсе ўдзельнікі ў вялікім чаканні. З якім настроем асабіста падыходзіш як арганізатар да сённяшняга дня?

Зміцер Косцін: Скажу шчыра, што аднекуль з’яўляюцца дадатковыя сілы. Заўсёды пачынаць нешта цяжка. Але чаканне эфекту заўсёды крыху хвалюючае, і таму сапраўды мы стомленыя. Спім, хто можа спаць, па некалькі гадзін. Калі ёсць гэтая магчымасць. Але мне здаецца, што найважнейшае тое, каб гэты фестываль адбыўся і пакінуў добрыя ўражанні. Таму што ёсць вялікія чаканні. Вядома, ёсць параўнанне з фестывалем «Басовішча», які два гады таму, 30-ым сваім фестывалем, завершыў сваю гісторыю. Мы пачынаем у тым самым месцы, спрабуем зрабіць нешта новае, крыху інакш. Вельмі хочацца, каб і гэтая канцэпцыя, гэтая ідэя фестывалю сучаснай беларускай культуры і традыцыі прыжылася, прынялася і мела далейшы працяг.

РР: Акурат звярну ўвагу, што гэта будзе не проста музычны фестываль, музычны вечаровы складнік – гэта адна з яго частак, таму што шмат будзе і дыскусіяў, шмат аўтарскіх сустрэч, майстар-класы, заняткі для дзяцей. Фактычна, калі глянуць на праграму, вы запаўняецца цалкам два фестывальныя дні. То бок, нон-стоп будзе нешта адбывацца і кожны ў любы момант можа знайсці нешта для сябе. Мне падаецца гэта такім цікавым падыходам. Для тых, хто хацеў бы штосьці сказаць на адрас арганізатараў, я адзначу, што гэтыя людзі ў вельмі кароткія тэрміны зрабілі вельмі шмат, і замест таго, каб штосьці крытыкаваць, трэба проста прыехаць у Барык, і ў гэтыя два дні знойдзецца чым заняцца. І калі хтосьці хоча дапамагчы, нешта ўнесці сваё, таксама можна будзе гэта зрабіць.

Зміцер Косцін: Увогуле падрыхтоўка, ідэя гэтага фестывалю вельмі адкрытая, належыць ідэолагу гэтага фестывалю Паўлу Станкевічу, старшыні Фонда «Тутака», каб адкрывацца на ўсе цікавыя актыўнасці. Менавіта таму з’явіліся майстар-класы, нейкія аўтарскія сустрэчы, каб расказаць людзям пра тое, хто чым займаецца. Вядома, тэрміны падрыхтоўкі гэтага фестывалю сапраўды былі вельмі кароткія. Гэта не фестываль, які рыхтаваўся б, напрыклад, год. Бо звычайна выглядае гэта так, што ўжо ў верасні пішуцца праекты, вызначаецца, што трэба зрабіць на наступны год. Тут фактычна ад пачатку рэалізацыі ідэі да фестывалю прайшло два месяцы. Дыскусіі з’явіліся як складавая частка можа крыху праз сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі. Таму што ўсе мы абмяркоўваем, усе мы дыскутуем, усе мы сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. Тут я кажу не толькі пра беларусаў, грамадзянаў Беларусі ў замежжы, але і беларускую меншасць. Мне здаецца, што фестываль, такая адмысловая сустрэча, – гэта добрая нагода падыскутаваць, падумаць пра культуру, пра палітыку, пра рабочы рух, таксама і пра меншасць, пра дзейнасць дыяспараў. Гэта з’явілася, і мне здаецца, што гэта някепская ідэя.

Сярод удзельнікаў вечаровай, музычнай часткі фестывалю: Вераніка Круглова, Маргарыта Ляўчук, Сяржук Доўгушаў з ISNA TRIO, падляшскі гурт ILO&FRIENDS і яго лідарка Ілона Карпюк ды іншыя. Уся праграма ёсць на старонцы фестывалю і на сайце нашага радыё. Таксама нашае Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца адным з галоўных партнёраў Фестывалю абуджаных Tutaka.

Цалкам размова:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя