Алесь Пушкін сустракае дзень нараджэння ў турме



6 жніўня вядомаму беларускаму мастаку  і палітвязню Алесю Пушкіну спаўняецца 56 гадоў. Свой дзень нараджэння творца сустракае за кратамі.

У турме арыштаваны мастак знаходзіцца ўжо больш 4 месяцаў. Ён сядзеў у Гародні, потым у Менску, а зараз у Жодзіне.

Мастак Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Алесь Пушкін — фігурант крымінальнай справы, якую пачала гарадзенская пракуратура па ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варажнечы).

Паводле пракуратуры, «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» на выставе ў Гародні.

Алесь Пушкін сябе вінаватым не прызнае, ён перакананы, што займаўся выключна культурнай дзейнасцю.

Ліставаць мастаку трэба на адрас: 222163, г. Жодзіна, вуліца Савецкая, 22А, следчая турма №8. Пушкіну Аляксандру Мікалаевічу.

„Гарадзенская вясна”