“ЕўраАзЭС не дасць жыцця Беларусі!”



Заўтра ў Астане адбудзецца перанесеная на тыдзень, нібыта, з-за “шчыльнага графіка лідараў трох дзяржаў” сустрэча Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна ды Нурсултана Назарбаева. Тым часам, хутка споўніцца тры месяца афіцыйнага абвяшчэння існавання Еўраазійскага саюза. Якія вынікі? І ці ёсць падставы паглыбляць, як заяўлена, “узаемны гандаль ды эканамічнае ўзаемадзеянне”?

Я сустрэўся з лідарамі лідскай апазіцыі – Уладзімірам Круцікавым, кіраўніком суполкі Партыі БНФ, майстрам участка аднаго з прадпрыемстваў, Сержуком Сідарэнкам з аднаго з самых паспяховых завода “Оптык” ды экс-будаўніком Міхасём Бурачэўскім. Людзі розных узростаў ды прафесій, яны разважаюць над першымі вынікамі ды перспектывамі ЕўраАзЭC паводле агульнавядомай інфармацыі ды бытавых асацыяцый. Звязваючы пагаршэнне эканамічнай сітуацыі сёлета з утварэннем новага “саюза”.

Круцікаў: Канешне, крыза наспявала даўно – і нафта даражэла, і на складах назапашвалася нізкаякасная прадукцыя, бо не было куды яе збываць. А зараз, у сувязі з сяброўствам у ЕўраАзЭC канкурэнцыя ўзмацнілася. Калі на прадпрыемствах праводзяцца тэндары, вынікае, што расейскія аналагі прадукцыі таннейшыя. Хоць, здаецца, ёсць пастанова Саўміна, што калі нават нашы вырабы на 15 % даражэй, мусяць АБАВЯЗКОВА купляць беларускія.

krucikau_19

РР: Дык што, без ЕўраАзЭС яны знаходзілі б збыт?

Круцікаў: Толькі ў выпадку, каб яшчэ і мыта была ўведзеная на “замежную” прадукцыю. А цяпер кранты надыходзяць!

Бурачэўскі: Як нас, паводле палітэканоміі марксізма-ленінізма, вучылі ў школах ды ўніверсітэтах – у нас настала класічная крыза перавытворчасці. Выпусцілі столькі незапатрабаванай прадукцыі, што склады трашчаць. Сёння, каб знайсці агульнае выйсце, на мой капыл, найперш трэба перакрыць мяжу з Кітаем. Іхная прадукцыя, хоць і слабая, але ж нашмат таннейшая, таму па-за канкурэнцыяй. У той жа Расеі цяпер ані абутку, ані адзежы ўласных ня шыюць – усё ад кітайскіх “сяброў”…

IMG_0210

РР: Нават нягледзячы на тое, што ў былы СССР ідуць адтуль тавары з умоўнай біркай “для трэцяга свету” – значыць, ніжэйшай якасці, чым для Еўропы…

Бурачэўскі: Пра іх якасць хачу сказаць асобна. Размаўляў са знаёмымі, што набылі кампутары ў нашых крамах – практычна ўсе ж кітайскія. Пагалоўна кажуць, што праз кароткі час валакуць іх у гарантыйны рамонт. Мне давялося дачцэ купляць ноўтбук. У краме ж падказалі – лепш пераплаці за апошні там нямецкі, гора не зведаеш! Так і адбылося…

РР: Але з Еўропы для нас афіцыйна ўжо ўсё забаронена…

Сідарэнка: Толькі што ручкамі перавезці! Але з 1 сакавіка заднім днём павялічылі мыты і стала яшчэ складаней набытае там дацягнуць. Дарэчы, гэта вынікі ўсё таго ж ЕўраАзЭC. Цяпер не знайсці і звычайныя польскія батарэйкі, што яшчэ нядаўна лічыліся не надта файнымі. Нешта якаснае ў нас стала купіць немагчымым, хоць і грошы ў кішэні. Беларусь і ператвараецца ў звычайную барахолку для збыту кітайскай ламачыны.

Lida_19_2

РР: І адваротны бок сітуацыі, што вы абмалявалі – зніжэнне заробкаў, павелічэнне беспрацоўя?

Круцікаў: Так! Прынамсі, лідская птушкафабрыка працуе ўжо не па 8, а па 7 гадзін. У месяц на 20 гадзін меней – настолькі ж і заробак.

Сідарэнка: На лакафарбавым ды на “Аграпраммашы” працуюць па “чатырохдзёнцы”. Мой “Оптык” у “лідарах” – у нас 5 працоўных дзён!

Круцікаў: Прыкра, але сістэма так збудавана, што тым, хто на здзельнай працы, часам і мінімалцы не выходзіць. Мой пляменнік адпрацаваў 20 дзён на тым жа “Аграпраммашы” і атрымаў на рукі аж…млн 380 тысяч рублёў! А ён токар 3 разраду, што па “разнарадцы” мусіць мець 3 млн.

РР: Зрэшты, з высокіх трыбунаў гаворыцца, што Еўраазійскі саюз сабе яшчэ не “паказаў” і спадзяванні на перспектыву захоўваюцца. Так ці ня так, па-вашаму?

Бурачэўскі: Не паказаў і не пакажа! У гэтым сэнсе што такое ЕўраАзЭC? Нікому непатрэбная структура, месца для “цёплай” адсідкі былых уплывовых чынушаў, якім плацяць “няслабы” заробак з нашых кішэняў.

Круцікаў: Ва ўсіх трох краінах па вялікім рахунку сапраўдная рынкавасць адсутнічае, сістэмы блізкія ці вымушана блізкія да камандна-адміністрацыйных. А таму наперадзе чарговыя “кілбасна-малочныя” звары на мытнях, гандлёвыя войны. Часовыя замірэнні. Рэформы магло б падахвоціць далейшае паглыбленне крызы, але наўрад ці гэта адбудзецца. Хутчэй прывядзе да развалу чарговага “монстра”…

Сідарэнка: ЕўраАзЭC будзе існаваць датуль, пакуль Расея будзе карміць маргінальных лідараў. Будзе карміць – будзе трымацца, перастане – разваліцца…

Лідскую сітуацыю можна лічыць падобнай на тую, што ёсць у іншых мясцінах краіны. Так што мо варта весці гаворку не пра “паглыбленне”, але пра зварочванне, пакуль не позна, ЕўраАзЭC – напаўжартам-напаўсур’ёз на развітанне казалі суразмоўцы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя.