Людзі за кратамі. Жнівень



Кожны з нас – цэлы свет… І няма сусвету, падобнага на наш, – тым і цікавыя людзі адно аднаму, што мы розныя і падобныя адначасова… Зрэшты, гэта ўсё дужа складана, таварышы! Варта быць прасцей, то людзі да вас пацягнуцца, станеце вы ў роўныя шэрагі і пойдзеце разам да шчаслівай будучыні… Па горадзе сонца (і па абласных гарадах…)

Няпросты чалавек – з ім жа цяжка, незразумела і – месцамі! – страшнавата. Што ў яго ў галаве? Як хутка думанне стане дзеяннем? Наколькі гэта бяспечна? Толькі гэтым і можна растлумачыць, што такія людзі, як літаратар, культуролаг і прафесар Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам і без сродкаў сувязі са светам аж з траўня месяца.

Не можа прайсціся і падыхаць свежым паветрам, сустрэцца з маці, паехаць да дачкі з унучкай, убачыцца з сябрамі і вучнямі, выгуляць сабаку, зайсці ў кавярню, кнігарню, набыць кветкі або атрымаць іх у падарунак ад шматлікіх прыхільнікаў сваёй творчасці… Нават у свой дзень народзінаў у цудоўным месяцы жніўні спадарыня Юлія сядзіць за кратамі, не маючы магчымасці нават лісты атрымліваць – электронныя і папяровыя. Кнігі, цукеркі і кветкі – таксама… Гэтыя мілыя дробязі і знакі ўвагі.

Дзіўныя рэчы і дзіўны гэты свет, дзе пісьменнік робіцца палоннікам свайго дома, а філосаф – вязнем на Акрэсціна. З думаючымі небяспечна, страшна і няўтульна, калі ты не хочаш думаць, бо думаць – страшна па сутнасці, думанне адчыняе тыя экзістэнцыйныя дзюры ў сэрцы, пасля якіх робіцца страшна галаве. Не думайце. Так жыць прасцей. Адназначна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ