Міліцыя пагражае Таццяне Севярынец крымінальнай справай



Да віцебскай актывісткі прыходзіў міліцыянт, каб папярэдзіць яе пра існаванне крымінальнага артыкула №342, які прадугледжвае адказнасць за “арганізацыю або падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях”.

Візіт быў выкліканы тым, што раней Таццяна Севярынец была некалькі разоў пакараная штрафамі за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Цяпер супрацоўнік міліцыі папярэдзіў, што актывістку будуць прыцягваць да адказнасці ўжо не як за адміністрацыйнае правапарушэнне, а за крымінальнае злачынства. Актывістка лічыць, што міліцыя актывізавалася напярэдадні даты мінулых прэзідэнцкіх выбараў:

– Зямля гарыць пад нагамі! Нават такую кабету, як я, у такім узросце, нават мяне баяцца, і папярэджваюць, раптам я штосьці… У іх у руках армія, сілавікі, зброя, машыны, грошы. А ў мяне няма нічога, апрача ўпэўненасці, што гэтая ўлада – злачынная. І злачынства гэтае доўжыцца.

З падобнымі папярэджаннямі  пра крымінальную адказнасць міліцыянты прыходзяць апошнімі днямі і да іншых віцебскіх актывістаў. Пераважна да тых, якія праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю менавіта пасля 9-га жніўня мінулага года.

Беларускае Радыё Рацыя