Токіа-2020. Самыя маладыя спартсмены ў камандзе Беларусі
У гэту катэгорыю сярод удзельніц алімпійскіх гульняў у Японіі ад нашай каманды патрапілі ажно тры Настасіі і, у адрозненне ад самых узроставых, яны яшчэ працягваюць барацьбу:
– Першая з іх – нараджэнка расейскага Барнавула Анастасія Салас, 18 лютага 2002 года нараджэння. Яна працягне змагацца ў фінале ў асабістых спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы. Далей ідзе берасцейская плыўчыха Настасся Шкурдай, 3 студзеня 2003 года нараджэння. Чэмпіёнка Еўропы на 100 метрах батэрфляем на сваіх дэбютных гульнях у Токіа выйшла ў фінал на сваёй кароннай дыстанцыі, дзе заняла 8-е месца. Замыкае спіс – самая малодшая спартоўка з Беларусі на гэтых гульнях, нараджэнка сталіцы Настасся Малаканава, 1 траўня 2003 года нараджэння. Яна разам з партнёрамі прадставіць Беларусь на камандавых спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы.
Сёння ж, 6 жніўня, дадаліся ў скарбонку зборнай Беларусі яшчэ два медалі. Срэбраным прызёрам гульняў стаў нараджэнец Расейскай Федэрацыі, а цяпер грамадзянін Беларусі Магамедхабіб Кадзімагамедаў і бронзавай – нараджэнка Бабруйска Ванэса Каладзінская ў дысцыпліне вольная барацьба.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя