Латвійскія і польскія памежнікі затрымалі новыя групы мігрантаў



Польскія і латвійскія памежнікі затрымалі новыя групы мігрантаў, яны нелегальна перабраліся з Беларусі ў „пошуках лепшага жыцця”.

Як паведамляе Delfi, за апошнія дні латвійскія памежнікі затрымалі тры групы — агулам 28 чалавек. Яны назваліся грамадзянамі Ірака. 12 з іх пераплылі раку на надзіманай лодцы. Мясцовыя жыхары дапамагаюць памежнікам — паведамляюць пра мігрантаў, якіх бачаць на аўтобусных прыпынках, дарогах і г. д. Затрыманыя іракцы знаходзяцца ў цэнтрах утрымання замежнікаў.

Польскія памежнікі 5 жніўня затрымалі на мяжы з Беларуссю 71 мігранта. Дакументаў у іх пры сабе не было. Мяркуецца, што ўсе яны прыехалі з Афганістана.

Тым часам літоўскія памежнікі працягваюць адпраўляць мігрантаў назад у Беларусь, адкуль яны прыходзяць. За мінулыя суткі было затрымана  толькі 2 чалавекі. Раней іх былі сотні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Igaunijas policija