У Токіа прайшла цырымонія закрыцця Алімпіяды



У Токіа прайшла цырымонія закрыцця XXXII летніх Алімпійскіх гульняў, у якіх удзельнічалі больш за 11 тысяч спартоўцаў з 206 краін, разыграна 339 камплектаў узнагарод. Алімпіяда атрымалася рэкорднай, бо хаця б адну ўзнагароду па яе выніках выйгралі прадстаўнікі 93 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Алімпійскі сцяг перададзены ад Токіа Парыжу. Сцяганосцам беларускай дружыны на цырымоніі стаў пяціборац Ілля Палазкоў. Алімпійская зборная Беларусі заняла 45-е месца ў медальным заліку такійскіх Гульняў. У актыве беларускіх спартоўцаў усяго сем узнагарод, гэта горшы вынік на летніх Гульнях за ўсю суверэнную гісторыю краіны. Адзіны залаты медаль у беларускай камандзе выйграў Іван Літвіновіч, які перамог у спаборніцтвах у скачках на батуце.

„Юнацтва” „у сухую” абыграла „Шахцёр”

Мінскае „Юнацтва” дзякуючы закінутым шайбам Дразда і Дугіна адолела „Шахцёр” у рамках Кубка Салея. Лік сустрэчы 2:0. Сталічная каманда зрабіла ўпэўнены крок да „фіналу чатырох”, у яе шэсць балаў пасля чатырох гульняў і другое месца ў групе „А”, у „Шахцёра” чатыры ачкі і чацвёртая пазіцыя.

Ігнацік выйшаў у другі раўнд кваліфікацыі Чэленджара ў Празе

Беларус Уладзімір Ігнацік выйшаў у другі раўнд кваліфікацыі турніру катэгорыі „Чэленджэр” у Празе. У першым раўндзе адбору ён абыграў чэха Віктара Шкленку. Лік сустрэчы – 6:1, 6:0

Беларусы прайгралі латышам у Рызе

Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе ў Рызе саступіла камандзе Латвіі ў матчы другога перадкваліфікацыйнага раўнда чэмпіянату свету-2023 года – 83:92. Падначаленыя Расціслава Вергуна сёння будуць змагацца з супернікамі з Румыніі. Пачатак – у 19.30 па беларускім часе. Каманды групы „D” правядуць адзін з адным па два матчы, у наступны этап пройдуць дзве лепшыя.

„Мяшкоў Брэст” абыграў у таварыскім матчы ЦСКА

«Мяшкоў Брэст» згуляў другі спарынг з маскоўскім ЦСКА. Ужо да перапынку нашы хлопцы забяспечылі сабе шэсць мячоў перавагі. А затым каманда выдатна спрацавала ў абароне і другая палова прайшла пад дыктоўку берасцейцаў, якія ня збаўлялі тэмпу і завяршылі сустрэчу з перавагай у сем галоў – 35:28.

„Дынама” у дэрбі перамагло „Рух”

Берасцейскае „Дынама” у дэрбі перамагло „Рух” і выйшла ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі. Дзякуючы галам Аляксандра Шасцюка на 8-й хвіліне матчу і Паўла Сядзько на 51-й, „дынамаўцы” перамаглі 2:0. Кірыл Альшэўскі на прэс-канферэнцыі пасля матчу абвясціў, што падае ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера „Руху”.”Тарпеда-БелАЗ” пасля матчу без галоў у серыі пенальці выйграла 5:4 і прайшло гомельскі „Лакаматыў” і выйшла ў 1/4 фіналу Кубка Беларусі. На 24-й хвіліне нападнік „тарпедаўцаў” Дзмітрый Анцілеўскі не рэалізаваў пенальці – брамнік Андрэй Салівончык парыраваў яго ўдар.

«Барселона» разграміла «Ювентус» у матчы за Кубак Гампера

У першым афіцыйным матчы без Леа Месі, які не змог працягнуць кантракт з „Барселонай”, каталонцы ў матчы за Кубак Гампера перамаглі 3:0 турынскі «Ювентус», за які згуляў Крышціяну Раналду. На 3-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Барселоны» Мэмфіс Депай. У другім тайме перавагу каталонцаў павялічыў Марцін Брэйтуэйт. Трэці мяч каталонцаў забіў Рыкі Пуч. Форвард «Ювентуса» Крышціяну Раналду як і польскі брамнік Войцэх Шчэнсны правёў на полі першы тайм.

Беларускае Радыё Рацыя