За апошнія тры дні польскія памежнікі ля мяжы з Беларуссю затрымалі 349 мігрантаў



Супрацоўнікі Падляшскага памежнага атрада на польска-беларускай мяжы з пятніцы 6 жніўня затрымалі 349 замежнікаў. Самая вялікая група — 85 чалавек — была затрыманая ў суботу ў раёне польскага населенага пункта Кузніца. Як паведамляецца на сайце памежнай службы Польшчы, затрыманыя замежнікі хутчэй за ўсё з’яўляюцца грамадзянамі Ірака і Афганістана.

Зараз устанаўліваюцца іх асоба, узрост і грамадзянства. Таксама ўсе замежнікі праходзяць тэставанне на каронавірус. Пасля пацверджання асобы яны па рашэнні суда змяшчаюцца ў ахоўныя цэнтры.

Усяго з пачатку года на ўчастку, ахоўным Падляшскім аддзяленнем памежнай службы, быў затрыманы 871 мігрант.

Нагадаем, найбольшы паток мігрантаў з Беларусі назіраўся на беларуска-літоўскай мяжы. З 3 жніўня Літва прыняла рашэнне вяртаць у Беларусь нелегальных мігрантаў, якіх затрымліваюць на агульнай мяжы. Дзякуючы гэтаму колькасць выяўленых мігрантаў у Літве рэзка ўпала. У мінулую сераду літоўскія памежнікі затрымалі 19 чалавек, а выправадзілі больш за трыста. У мінулы чацвер – усяго 2 мігранты. А на выходных – на літоўска-беларускай мяжы колькасць затрыманых мігрантаў склала 0 чалавек. Да гэтага з канца чэрвеня колькасць затрыманых рэдка апускалася ніжэй за сотню.

У той жа час на беларуска-латвійскай мяжы ў мінулую суботу латвійскія памежнікі затрымалі 35 мігрантаў з трэціх краін, якія спрабавалі незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу.

Палякі таксама рапартавалі, што за апошні час павялічылася колькасць людзей, якія незаконна перасякалі беларуска-польскую мяжу.

novychas.by