У Бельску прайшлі 27-я „Спасаўскія запусты”
27-я „Спасаўскія запусты” прайшлі ў Бельску. Фестываль, які заўсёды меў акцэнт на беларускай культуры, два разы запар не можа запрасіць да ўдзелу музыкаў з Беларусі.
Калі летась перашкодай была пандэмія, то сёння прычына іншая, сцвярджае старшыня Бельскай управы Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Ляшчынскі:
– Не было гуртоў з Беларусі, таму што адносіны паміж нашымі краінамі халодныя. Вельмі цяжка кагось запрасіць сюды, каб прыехаў. Бо вельмі жорсткія правілы праезду ў Польшчу і так далей. Думаю, што тыя беларусы, якія жывуць сёння ў Польшчы, яны самі будуць хацець паказаць сябе. Калі ёсць у Польшчы беларускія музыкі, ну то трэба, каб яны з гэтага тут жылі.
Арганізатары фестывалю перакананыя, што ў наступным годзе ў “Спасаўскіх запустах” возьмуць удзел беларусы, якія вымушаны былі з’ехаць у Польшчу. Таксама яны ўпэўненыя, што фестываль вернецца да сваёй звычайнай практыкі запрашэння калектываў з Беларусі адразу пасля таго, як зменіцца палітычная сітуацыя ў суседняй дзяржаве.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя