Год таму краіна даведалася пра пінскія падзеі



Год таму краіна даведалася пра пінскія падзеі, наступствы якіх цягнуцца дагэтуль. Увечары 9 жніўня пад будынкам гарадскога выканкама сабраліся тысячы пінчукоў, каб пачуць сумленны падлік галасоў. Уноч на 10 жніўня міліцыянты паспрабавалі атачыць натоўп, каб адціснуць людзей ад адміністрацыйнага аб’екта, гэтая спроба скончылася жорсткай бойкай. Такога супраціву сілавікі не чакалі і мусілі адступаць.

Грамадская дзяячка Вераніка Іванова ўпэўненая, што міліцэйская начальства наўпрост хацела зарабіць падвышэнне:

–  Упэўнена што, каб на той момант не была б аддадзеная каманда на адцясненне людзей ад гарвыканкама, нічога б не адбылося. Людзі б пастаялі і праз нейкі час, страціўшы ўсялякі інтарэс да таго, што адбываецца, разышліся па хатах. Тактычная памылка. Жадаючы атрымаць прызнанне начальства, жадаючы паказаць сваю службовую ўдаласць, была ўчынена атака на пратэстоўцаў. Ніхто не чакаў адпору. А людзі апынуліся ў становішчы загнанага ў куток, у якога не было выхаду акрамя, як біцца.

Літаральна адразу пасля 10 жніўня была заведзена крымінальная справа па артыкуле “масавыя беспарадкі”. Па “пінскай справе” ўжо асуджана 24 чалавекі на тэрміны ад чатырох да шасці з паловай гадоў. Яшчэ працягваюцца затрыманні, вядома пра трэцюю партыю фігурантаў.

Беларускае Радыё Рацыя