Свята для кожнага, хто бачыць нашу краіну вольнай, моцнай і еўрапейскай (абноўлена)



„Дзень Волі – гэта свята кожнага, хто бачыць нашу краіну вольнай, моцнай і еўрапейскай дзяржавай. Прыйдзе час, і наш народ будзе святкаваць гэту дату на дзяржаўным узроўні і ў кожнай сям’і”, – заяўляе лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў.

25-га сакавіка – гэта дата, без якой немачыма ўявіць існаванне сённяшняй беларускай дзяржавы, як кажа Марына Хоміч:

 У гэты дзень, амаль сто гадоў таму, беларускі народ сцвердзіў сваё права людзьмі звацца. Нашыя продкі аб’ядналіся, каб вярнуць незалежнасць і стварыць сваю Беларускую Народную Рэспубліку. Але, на жаль, нам, іх нашчадкам, трэба прайсці яшчэ доўгі шлях, каб стаць сапраўднай, незалежнай, еўрапейская нацыяй. Але дзень Волі – гэта не свята адной ці некалькіх партый. Гэта дата павінна аб’яднаць нас усіх у імкненні ўладкаваць нашую дзяржаву так, як яе бачылі нашыя продкі, так, як гэтага хочам мы.

Сёлета Менскі гарвыканкам дазволіў правядзенне дэманстрацыі і мітынгу 25-га сакавіка, аднак не па заяўленай гадзіне, а ў 15.00. Збор каля сталічнага кінатэатра “Кастрычнік”.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Менгарвыканкам дазволіў правядзенне шэсця і мітынгу на Дзень Волі. Дазволены збор удзельнікаў з 15-й да 16-й гадзіны ля кінатэатру „Кастрычнік”, шэсце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў з 16-й да 17-й гадзіны, і з 17-й да 18-й — мітынг у парку Дружбы народаў.

Адзін з заяўнікаў правядзення шэсця і мітынгу ў Менску на 25 сакавіка, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што ўлады патлумачылі змену гадзіны збору клопатам за патэнцыйных удзельнікаў:

– Гадзіна прызначана ўладай з такім улікам, каб у гадзіну пік мерапрыемства пакінула цэнтр горада. Прадстаўнікі гарвыканкаму мелі пры сабе ўжо прынятае рашэнне. Яны, натуральна, ад пачатку спрабавалі нас пераканаць, казалі, як бы вы паставіліся, мы сказалі, што паставіліся б негатыўна, таму што ў працоўны, будзённы дзень зручней для патэнцыйных удзельнікаў было б больш позні час. Пазней мы запыталі: дык рашэнне яшчэ абмяркоўваецца, ці ўжо прынятае. Нам сказалі, што насамрэч рашэнне ўжо прынятае.

Акцыя пройдзе пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Асноўны лёзунг — „Разам за мір і незалежнасьць!”. Традыцыйна ўлады пазначылі, што нельга выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку, а таксама транспаранты, якія супярэчаць заканадаўству. Таксама ўлады заклікалі трымацца асноўнай заяўленай тэмы, а менавіта — угодкаў прыняцця Трэцяй устаўной граматы БНР.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя