Крысціна Ціманоўская далучылася да спартовай каманды польскага канцэрна
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская далучылася да спартовай каманды найбуйнейшага польскага энергетычнага канцэрна Orlen.
„Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая спецыялізуецца на спрынтэрскім бегу, далучылася да спартовай групы Orlen, якая аб’ядноўвае лепшых спартоўцаў, у тым ліку алімпійскіх прызёраў Токіо. У яе склад уваходзяць сярод іншых Аніта Владарчык, Юстына Свенці-Эрсеціц, Ганна Келбасіньская і Павал Файдек”, – гаворыцца ў паведамленні кампаніі. У Orlen адзначылі, што супрацоўніцтва дазволіць Крысціне працягнуць трэніроўкі і спартовую кар’еру.
Вячаслаў Грыгараў часова ўзначаліць берасцейскі „Рух”
Выконваючым абавязкі галоўнага трэнера „Руха” стане Вячаслаў Грыгараў. 39-гадовы спецыяліст увайшоў у трэнерскі штаб Кірыла Альшэўскага ў студзені гэтага года. Ён працаваў з камандай на пасадзе старшага трэнера. Інфармацыя аб прызначэнні з’явілася на афіцыйным сайце клуба. Альшэўскі абвясціў аб сыходзе на прэс-канферэнцыі пасля матчу з берасцейскім „Дынама” (0:2).
„ПСЖ” абвясціў аб пераходзе Ліянэля Месі
Былы нападнік „Барселоны” Ліянэль Месі стаў футбалістам „Пары Сен-Жэрмен”. Французскі клуб апублікаваў у сваім твітары відэаролік у гонар пачаткоўца. У роліку шмат адсылак, якія намякаюць менавіта на Месі: эмблема зборнай Аргентыны, шэсць Залатых мячоў, роспіс на дакуменце (падпісанне кантракта) і месца ў распранальні паміж 10-м нумарам Неймара і 7-м нумарам Мбапэ. Месі будзе атрымліваць каля 35 мільёнаў еўра ў год. Пагадненне будзе разлічана на два гады з магчымасцю падаўжэння. У кантракце прадугледжаны бонусы.
Румынская тэнісістка Кырсця стала саперніцай Азаранка на турніры ў Манрэалі
Румынская тэнісістка Сарана Кырсця стала саперніцай беларускі Вікторыі Азаранка ў 1/16 фіналу турніру катэгорыі WTA-1000 у канадскім Манрэалі. У першым раундзе спаборніцтваў румынка, якая займае 40-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла ў двух партыях амерыканскую тэнісістку Элісан Рыск, якая займае 37-ю пазіцыю – 6:3, 6:4.