Газеты…



Жыццё вясковага пенсіянера – гэта не толькі выданне «Сябра пенсіянера», але яшчэ і сад, агарод, гуркі ды парсюкі… Што яшчэ пенсіянеру ў вёсцы можа спатрэбіцца?! Ну, серыяльчык адзін, другі, трэці… Навіны і пачытаць няма дзе!

Хіба ў сеціве, калі добра пашукаць… Але і сеціва ёсць не ва ўсіх, шаноўныя, і не кожны пенсіянер умее, можа і хоча карыстацца тэлеграмам… Бадай, прыйдзецца вучыцца, пакуль і гэту магчымасць не забралі. “Рэгіянальная газета” і штотыднёвік “Новы час” перасталі выходзіць на паперы. Для многіх знаёмых сталых людзей гэтыя выданні былі светам у акенцы і крыніцай рознабаковай цікавай інфармацыі. Возьмем “РГ” – тут табе і навіны жыцця рэгіёна, і расповеды пра таленавітых неардынарных людзей, і кошты на базары, і аб’явы, і гараскоп і праграма ТБ (куды ж без любімых серыялаў!) Дадайце сюды краязнаўчыя, культурніцкія матэрыялы на роднай мове – лепшага не трэба! Менск, Валожын, Вялейка, Маладзечна, Смаргонь, Ашмяны… Але ж не, спакойная і збалансаваная палітыка рэдакцыі не дапамагла – закрылі газету… Тэлефаную цётачцы папярэдзіць, каб не чакала любімую газету і не выглядвала паштарку… Заадно і пра здароўе, справы, навіны распытваю. У адказ  – абурэнне і роспач. За што газету зычынілі, якая пра жыццё піша? За тое і зачынілі, пэўна, каб не жыццё было ў прэсе, а каралеўства крывых люстэркаў, дзе ўсё наадварот. Чорнае – белым, белае – чорным… Ці дапаможа? Вочы і вушы ўсім людзям не закрыеш: не хопіць рэсурсу.

А пенсіянераў і  вязняў у турмах шкада… І так у іх жыццё не цукар, а тут і газетаў пазбавілі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ