Беларускія гандбалісткі не выйшлі ў паўфінал юнацкага ЧЕ



Гандбалісткі юнацкай зборнай Беларусі не змаглі прабіцца ў паўфінал другога дывізіёна чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у літоўскай Клайпедзе. У матчы 3-га тура папярэдняй групы В2 з камандай Ісландыі беларускі выйгралі першы тайм з перавагай у чатыры мячы – 15:11, але пасля перапынку страцілі ініцыятыву і ў выніку саступілі з мінімальнай розніцай у ліку – 25:26. Самай выніковай у складзе беларусак стала Ульяна Петрачкова, якая закінула 7 мячоў. Да гэтай паразы падначаленыя Аляксандра Ліпіньскага разграмілі аднагодак з Латвіі 39:21 і саступілі камандзе Польшчы 23:28 і займаюць пакуль трэцяе месца ў групе.

„Зеніт” не падпіша Паўла Паўлючэнкі

Брамнік зборнай Беларусі Павел Паўлючэнка не пяройдзе ў „Зеніт”. 23-гадовы галкіпер не пераканаў клуб з Санкт-Пецярбурга падчас прагляду і вярнуўся ў склад берасцейскага „Руху”. У гэтым сезоне чэмпіянату Беларусі Паўлючэнка правёў 18 матчаў.

«Чэлсі» стаў уладальнікам Суперкубка УЕФА

У матчы за Суперкубак УЕФА «Чэлсі» сустракаўся з «Вільярэалам». Гульня прайшла на стадыёне «Уіндзар Парк» у Белфасце, што ў Паўночнай Ірландыі, і завяршылася перамогай «Чэлсі». На 27-й хвіліне сустрэчы паўабаронца «Чэлсі» Хакім Зіеш адкрыў лік, калі пасля перадачы Кая Хаверца пераправіў мяч у браму. На 73-й хвіліне форвард «Вільярэала» Жэрар Марэна зраўняў лік. У серыі пенальці поспех быў на баку «Чэлсі» 6:5.

Беларускае Радыё Рацыя