Тыдзень мЫладрамы



Апошні тыдзень выдаўся надзвычай плаксівы. Слёз не забракла ў розных сферах. Багатыя таксама плачуць – плакаў футбольны мультымільянер Ліанэль Месі, пакідаючы ўлюбёную Барселону. Услед румзалі фанаты «блаўграны», праважаючы свайго шматгадовага куміра. Паехаў ён у Парыж, зарабляць чарговыя мільёны, на гэты раз арабскіх шэйхаў. Цяжкая гэта праца – футбол.

Плакалі ад замілавання і захаплення ў Менску сабраная чыноўніцкая эліта пасля «Большого разго-вора» з Вярхоўным Галоўнакамандуюшчым. Праўда, як казаў класік, ня ўсё тое эліта, што прайшло праз сіта. А плакаць было ад чаго – вытрымаць без перапынку 8 з паловай гадзін палымянай прамовы ня кожны здольны. Так што ўсталяваны новы рэкорд працягласці такіх сустрэч – цяпер ужо на роўні рэвалюцыйных класікаў – Фідэля Кастра Рус ды Уга Чавеса.

Ну а тут яшчэ ў беларускай сталіцы тыдзень індыйскага кіно. З культурай зараз у вызваленым ад пісьменнікаў, музыкантаў, спевакоў, актораў і розных іншых служыцеляў Мельпамены ды Тэрпсіхоры Менску нягуста. Так што індыйскія кінастужкі якраз у час падаспелі. Супраца індыйскага ды беларускага кінематографа працягвае квітнець. І зусім крыху перафразуючы незабыўнага Мікіту Хрушчова, так і хочацца ўсклікнуць: «хіндзі беларусі – бхай, бхай!». Што азначае наша непарушнае братэрства навекі. А сказаў падобныя словы Вялікі Кукурузнік якраз у славутым горадзе Бангалор. Прашу не блытаць з менскай плошчай Бангалор, дзе адбыўся хіба апошні адносна вольны мітынг у найноўшай гісторыі Беларусі. Цяпер нават на Бангалор не сходзіш. Але можна якраз на індыйскае кіно. Там плачуць багатыя і бедныя. Я індыйскага кіно то даўно не глядзеў, але з заяўленага рэпертуару параіў бы «Вяселле Тану і Ману» у жанры камедыйнай мЫладрамы.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ