Навошта Украіна знішчае свой брандмаўэр



Брандмаўэр пераважна асацыюецца з аховай ад хакерскіх атак. Аднак яго пачатковае значэнне – мур паміж будынкамі, які замінае распаўсюду пажару, служыць буферам. Такім буферам і брандмаўэрам для Украіны з’яўляецца Беларусь, бо яна нібы апошняя застава, якая стаіць на шляху Расеі да Украіны.

Вядома, Украіна ніколі не пачуе гэтага ад Лукашэнкі. Ён будзе клясціся ў любові да Расеі, баявым братэрстве і многім іншым. Аднак, брандмаўэр – адна з тых рэчаў, чыя спецыфіка не дазваляе іх бурыць за тое, што яны працуюць слаба. Як не бураць плаціну, што прапускае струменьчыкі вады, пакуль не збудуюць новую.

У Лукашэнкі з Расеяй асаблівыя адносіны, якія можна параўнаць да шлюбу мужа-тырана і беднай жонкі з вёскі. Паміж імі можа не быць кахання, але тырану важная пакорлівасць, а жонцы важнае матэрыяльнае забеспячэнне, бо муж не дазваляе ёй уладкоўвацца на прыбытковую працу. І такая жонка можа нават вонкі дэманстраваць вернасць. Бо страшна, калі пасадзяць на галодны паёк. Лукашэнку важныя крэдыты ад Расеі. Зрэшты, калі дасць хто іншы ці падарыць, то свет клінам на Расеі не сышоўся.

Зараз Беларусь апынулася практычна ў блакадзе. Накладзены санкцыі, забаронены палёты. І калі паглядзець на карту тых, хто далучыўся да санкцый і перакрыў авіяпрастору, робіцца наглядна зразумелым: Беларусь запіхваюць у Расею. Нібы глядзіш на карту СССР, з якога выйшлі ўсе акрамя Беларусі. Нібы Беларусь, як і дзесяцігоддзямі раней, выходзіць на замежжа толькі праз Маскву.

З запіхваннем у Расею – не перабольшанне. Ужо даўно прааналізавана, што між калектыўным Захадам (ЗША + Еўропа) і Расеяй ёсць дагаварняк. Беларусь больш важны трафей для Пуціна, чым для Еўропы. Наўзамен за яе Пуцін прапаноўвае пэўныя бонусы Захаду – і ў плане Паўночнага патоку, і ў плане беспарадкаў жоўтых камізэлек, якімі ён шантажуе Францыю і шмат у чым яшчэ.

Запіхванне відаць няўзброеным вокам. Яшчэ перад міграцыйным крызісам ці на самым яго пачатку было відаць, як Летува і НАТО займаліся разгойдваннем, выпускаючы заявы, у якіх ледзь не падказвала, што Беларусь мусіць прасіць дапамогі расейскіх войскаў, бо, маўляў, НАТО гатовае прыйсці на помач у Летуве супраць „гібрыднай агрэсіі”.

У гэтым мяне таксама пераканалі і словы некалькіх замежных агітатараў, калі ў сцэнары „працы з пярэчаннямі” (маімі) яны незалежна адно ад аднаго даходзілі да пункта: „Ну, і што, што вы трапіце ў Расею – яна і так пазней разваліцца, вось Навальны да ўлады хутка прыйдзе.” Можна не працягваць гэта трызненне. Ужо ясна што ў Захаду і Расеі дагаварняк.

Толькі навошта гэта ўсё Украіне? Навошта яна падпісваецца пад здачу Беларусі заадно з Захадам? У выпадку аншлюсу Беларусь стане клінам ці балконам Расеі ў Еўропе і пляцдармам для атакі на Украіну. Будзе працягнута, а то і завершана пачатае на Данбасе і Крыме. У чым выгада Украіны? У імгненных бонусах ад Захаду? Рэпутацыйная выгада, калі заходнія партнёры паважаюць Украіну за яе ролю асістэнткі? АЛЕ ШТО Ў КАНЦЫ?

Тыя ж агітатары на маё пытанне, чаму Украіна дагэтуль не ў ЕС, адказвалі: бо ва Украіны ёсць узброены канфлікт, а Еўропа не можа браць да сябе такія праблемныя краіны. Ёсць канфлікт! Так, з неба ўпаў. Выскачыў як прышчык. То-бок, Украіна імкнецца ў ЕС, бо „геть від Москви”, а тут сама Масква ставіць палкі ў колы, і ЕС такі: звіняйте, хлопцы, у вас палка ў колах. То можа з такім стаўленнем Захаду Украіне лепш абапірацца на свой розум і свае інтарэсы і вылічваць СВАЮ будучыню?

Могуць яшчэ быць фантазіі, што той самай заменай брандмаўэра будзе новы прэзідэнт. Давайце паглядзім. У тэорыі – так, а на практыцы хто пасуе? Ціханоўская, якая рэгулярна напрошваецца на паклон да Пуціна і шле чалабітныя Байдэну аб тым, што ў нас з Расеяй усё нармальна, што абараняць нас не трэба і ўмешвацца таксама не трэба? Бабарыка, які лаяльна працаваў на філіял Газпрама 20 з лішнім гадоў, а ў першых інтэрв’ю зганіў беларускага героя Каліноўскага з яго паўстаннем супраць Масквы і сказаў, што Беларусі не выжыць, а людзі толькі ўсцешацца аншлюсу? Валерыю і Вераніцы Цапкалам, якія клянуцца ў вернасці Расеі і Пуціну і маюць багаты досвед супрацы з расейскімі структурамі? Мо спачатку пабачыце канкрэтнага і надзейнага прэтэндэнта, перш чым тапіць разам з Захадам за таго, хто здасць Беларусь без адзінага стрэлу?

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на Летуву (Літоўскую Рэспубліку). Яна найбольш шчыруе ў кірунку запіхвання Беларусі ў пашчу Крамля. Магчыма, украінцы не ў курсе, але Летува здаўна мае зуб на беларускі нацыяналізм, бо той пагражае Летуве калі не фізічна, то маральна. Падчас перабудовы беларускі нацыяналізм абнавіўся. У адрозненне ад збольшага народніцкай ідэі пачатку 20 ст., абапёртай на пачуццё локця і супольнай мовы і культуры землякоў, у сучаснасці вялікі акцэнт нацыяналізму быў на дзяржаву і на тое, што ў беларусаў была ў гісторыі дзяржава, якой валодалі самі беларусы, г.зн. іх продкі, а не продкі суседніх народаў. То-бок, што Вялікае Княства Літоўскае было нашым, і што права на яго маем мы, а не тыя, хто цяпер завецца літоўцамі і Літвой. Гэта было вельмі недаспадобы летувісам (літоўцам) і яны прагназавалі, што пры прыходзе беларускіх нацыяналістаў да ўлады летувісам будзе дрэнна.

Штука ў тым, што такі погляд беларусаў на сваю гісторыю быў нявыгадны і Расеі. Раней беларусаў упэўнівалі, што іх вечна заваёўвалі то прыбалты, то палякі, і гэта давала Расеі нагоду казаць, што яны потым нас вызвалілі. Увесь спектр палітычных і грамадскіх плыняў, якія культывавалі нават у найлягчэйшай форме прывязанасць да нашага ВКЛ, у Расіі абазвалі літвінізмам. І перыядычна палохалі расейскую публіку ростам літвінізму ў Беларусі. Як шмат было артыкулаў у Рэгнуме і да т.п. пра злы літвінізм!

У гэтым пункце інтарэсы Летувы і Расеі супадаюць. Летуву напужалі тым, што ў Беларусі запануюць тыя, хто будзе псаваць Летуве жыццё, і таму яна ўзяла быка за рогі. Створана некалькі супольных летувіска-беларускіх фондаў і наладжана сетка супрацы з беларускімі інтэлектуаламі, у выніку якога яны пачалі прапагандаваць летувіскі погляд на гісторыю, крытыкаваць аўтараў, якія ўздымалі беларускі „літвінізм” і нават адгаворваць ад ужывання слова „Летува” як запазычання ад Lietuva ў беларускай мове, бо яна, маўляў, не асацыюецца з гістарычнай Літвой і гэтым крыўдзіць летувісаў. (Затое, калі Грузія пачала ўжываць ідэнтычнае запазычанне ў грузінскай, яны не крыўдзіліся.)

Інакш кажучы, у Летувы ёсць прыватная заангажаванасць, каб браць працэс дэмакратызацыі Беларусі ў свае рукі – гэтак яна ўладжвае свае прыватныя справы. А тое, што пры гэтым яна цесна супрацоўнічае з Расеяй, гэта, маўляў, не ваша сабачая справа. Вось так летувіскі хвосцік круціць еўрапейскім сабакам.

Якім бокам гэта да Украіны? Ды такім, што Летува спрабуе граць першую скрыпку пры прасоўванні Украіны ў ЕС і нібыта абароне ад Расеі. Так сказаць на правах колішніх босаў ВКЛ, усвядомілі сувязь з падручнікамі па гісторыі. І, калі заўважыце, гэта не простая выхалашчаная еўрапеізацыя і абарона суверэнітэту – яна ідзе ў комплексе са спробамі навязаць Украіне свой погляд на гісторыю, павысіць свой ранг і аслабіць пазіцыю Беларусі, пакуль тая „спіць” (дакладней, пакуль Лукашэнка заняты здабыццём крэдытаў ад Расеі). Прыехаўшы да ўкраінцаў, Наўседа прыгадваў агульнае мінулае летувісаў з украінцамі, а беларусаў у гэтай гісторыі проста не было.

Якую карціну свету ў выніку хочуць прадаць летувісы ўкраінцам? Поўная назва Княства – Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Сябе яны адносяць да літоўскай часткі, Украіну – да рускай. Бо ўкраінцы помняць пра Русь у Кіеве і ўжыванне гэтай назвы як сіноніма Украіны пашыраецца. Дзе ў гэтай карціне Беларусь? Яе няма.

У адрозненне ад гэтай схемы новы беларускі нацыяналізм прадугледжваў (прынамсі да часу калабарацыі інтэлектуалаў з фондамі і з летувіскім пасольствам), што і „літоўская” частка Княства – гэта Беларусь, бо яна была ў заходняй частцы сучаснай Беларусі, і „руская” таксама, бо тая была ва ўсходняй частцы Беларусі, а ўжо потым разраслася і да іншых зямель, што зваліся „рускімі” і якія цяпер украінскія. У беларускім поглядзе дзяржава пачала стварацца тут, цэнтр яе быў тут, і продкаў беларусаў ніхто не заваёўваў.

Летувісы ж хочуць паказаць, што гэта іх продкі стварылі дзяржаву, а потым заваявалі „рускія” землі, якія з нейкай прычыны мусяць лічыцца найперш землямі продкаў украінцаў, а ўжо потым продкаў беларусаў. Што гэта? Спроба пасеяць раскол між украінцамі і беларусамі і маргіналізаваць беларусаў?

Але кажучы ўкраінцам адно, сабе самім дый на ўвесь свет яны кажуць іншае. То „рускую” мова Статутаў і Метрык ВКЛ яны па-маніпулятарску называюць канцылярска-славянскай, нібыта гэта царкоўнаславянская. То гістарычная назва „Руская вуліца” ў Вільні ў англійскім перакладзе ў іх робіцца Russian (расейская). Для іх што беларусы з украінцамі, што расейцы, што Кірыл з Мяфодзіем – на адзін твар?

Зрэшты, шукаючы адказу на тое, як яны з гэтым нагрувашчваннем жыць будуць, як хочуць упарадкаваць гэты лагічны гармідар вакол Беларусі, знаходжу адказ – не збіраюцца ніяк. Няма Беларусі – няма праблем. Беларусь пхаюць у Расею. Дзе Беларусь у схеме адносін Летувы і Украіны? Яе няма. Дзірка. Паводле гістарычнай схемы, у якой Летува для Літвы і Украіна для Русі. А Беларусі не будзе.

Вось да чаго вядуць гэтыя „Ну, трапіце ў Расею, і што?” і „Не хвалюйся, у вас няма выбару, увосень вы ў Расею трапіце”, што я чую ад згаданых інсайдараў. Але што атрымае Украіна? Калі знікне Беларусь, гэта будзе не чорная дзірка ці мора – Украіна атрымае плацдарм Расеі. І будзе наступнай.

Не разумею, праўда, чаму Летува лічыць, што адседзіцца. Стрэлы на беларуска-летувіскай мяжы чуваць ужо зараз. Мігранты – як экзатычныя з арабскіх краін і Чачні, так і банальныя з Беларусі, што патрабуюць рускіх школ, – ужо ў Летуве. Польская, або „тутэйшая” меншасць на Віленшчыне раз’юшана. Калі дрэннае здарыцца з Беларуссю, асколкі нанясуць несумяшчальныя з жыццём траўмы і Летуве. Пастолькі, паколькі Пуцін адкрыта абвясціў пра адраджэнне СССР.

І ўкраінцы здзіўляюцца, што гэта за фацэт з беларускага боку па імені Франак Вячорка, што пхае прарасейскую рыторыку, ад якой вянуць вушы? Што за ён, які праз Ціханоўскую папрасіў Байдэна не ўмешвацца ў дачыненні Беларусі і Расеі, бо абарона ЗША Беларусі не трэба? Ну, гэта ж Франак Вячорка, які зусім нядаўна быў самым модным прапагандыстам беларускай мовы і культуры. І ён прадстаўнік дынастыі, сын знанага лінгвіста, удзельніка беларускіх суполак у часы перабудовы, колішняга паплечніка Пазняка, вынаходніка слоў „тарашкевіца” і „наркамаўка” Вінцука Вячоркі. І спадар Вінцук выдаў пераклад „Гісторыі Літвы” з летувіскай мовы пад эгідай летувіскага пасольства. Не, вядома, сын і бацька – неабавязкова адна каманда, але не ў нашым выпадку, бо Франак увязаўся ў дзіўную гісторыю з просьбай да летувіскіх улад перайменаваць у летувіскай мове слова „Беларусь”, да якой была далучана падрабязная лінгвістычная даведка. Улічваючы, што Франак у летувіскай не спец, а летувіская, як і многія іншыя мовы, любімы канёк для лінгвіста Вінцука, разумеем, што гэта адна каманда.

І Франак агаворваўся, што кансультуецца са спецслужбамі Летувы. Я выключаю, што ў тых ідэальных умовах беларушчыны, у якіх жылі Франак і Вінцук, можна проста так стаць беларусафобамі і русіфікавацца. Але ў Франка, які адначасова і дарадца Ціханоўскай і ў былым папулярны дыджэй беларушчыны, прарасейская рыторыка пачала зашкальваць.

Такую можна пачуць ад ідэолагаў Лукашэнкі, якія таксама некалі былі нацыяналістамі. Мусіць жа гэта нечым тлумачыцца! Відаць, тым, што ад піэтэту і карга-культу перад „еўрапейскай” Летувай і ў Франка, і ў Вінцука знесла галаву настолькі, што яны сталі верыць яе самым вар’яцкім парадам.

І цяпер ва Украіны ёсць шанец выбраць, удзельнічаць у гэтым дагаварняку ці не, запіхваць Беларусь у Расею ці не. З аднаго боку карлікавая дзяржава злоўжывае службовым становішчам і рэалізуе фантомныя гістарычныя візіі за кошт ЕС. А з другога, калі праз саўдзел у дагаварняку Украіна атрымае праблемы, горшыя за Данбас, то адкуль упэўненасць, што Захад не пакіне Украіну адну з гэтымі праблемамі, як у выпадку Данбаса?

Але, спадзяюся, Украіна мае цвярозы розум, усведамляе свае інтарэсы і здольная прагназаваць, куды пацячэ селевая плынь пасля разбурэння плаціны. Ці агонь пасля разбурэння брандмаўэра.

Віталь Станішэўскі, публіцыст

Рэдакцыя сайту гатовая прадаставіць у рэчышчы дыскусіі альтэрнатыўны погляд на сітуацыю.