Двое асуджаных па „карагоднай” справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну
Двое асуджаных з пятай партыі па „карагоднай” справе паспрабавалі ўцячы ва Украіну, паведамляе дзяржТБ. Іх жорстка затрымалі, далі штраф па 4 тысячы рублёў і ўсё ж адправілі ў ПУАТ, паведамляе Вясна.
АНТ распаўсюдзіла відэаролік, дзе фігуруюць жыхары Берасцейшчыны Аніскевіч Андрэй і Палхоўскі Ілля. Гэтых хлопцаў асудзілі па так званай „карагоднай” справе да паўтары і двух гадоў абмежавання волі адпаведна.
На відэа можна заўважыць, што хлопцам, якія ўжо ляжаць на зямлі, не менш двух раз наносяць удары рукамі. Далей, трымаючы іх на зямлі, і завёўшы рукі далёка за спінай, іх дапытваюць на камеру: „[навошта незаконна перасякаў мяжу?] —Хацеў пазбегнуць пакарання. -— Карагоды вадзілі? — Стаяў побач, так”, адказаў Аніскевіч.
У роліку прадстаўнік памежнай службы Леанід Шкілевіч паведамляе, што затрыманых ужо аштрафавалі кожнага на 140 базавых велічынь (4 060 рублёў) „за спробу наўмыснага незаконнага перасячэння дзяржмяжы і за парушэнне памежнага рэжыму”.
Прадстаўнік іншай дзяржструктуры, аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Брэстаблвыканкама, паведаміў таксама, што Аніскевіча і Палхоўскага этапуюць да месца адбыцця пакарання „ў парадку для асуджаных да пазбаўлення волі”.