Менскае „Дынама” другі год запар стала ўладальнікам Кубка Салея
Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі менскае „Юнацтва” і другі год запар сталі ўладальнікамі Кубка Салея. Фінальная сустрэча турніру завяршылася з лікам 4:2. У складзе пераможцаў шайбы закінулі Дзяніс Мосалеў, Аляксандр Когалеў, Раман Гарбуноў і Тэйлар Бэк. Менскае „Дынама” выйграла 12-ы тытул у клубнай гісторыі.
„Мяшкоў Брэст” – пераможца „Кубка Белгазпрамбанка”
У Берасці завяршыўся міжнародны турнір па гандболе „Кубак Белгазпрамбанка”, пераможцам якога восьмы раз стаў „Мяшкоў Брэст”. У турніры прымалі ўдзел „Мяшкоў Брэст”, расійскія „Чэхаўскія мядзведзі”, украінскі „Матор” і польскія „Азоты”. У выніковым пратаколе другое месца ў „Чэхаўскіх мядзведзяў”, трэцяе – „Азоты„.
Сасновіч абыграла Петкавіч і прабілася ў асноўную сетку турніру ВТА ў Цынцынаці
У вырашальным паядынку кваліфікацыі на турніры ВТА ў Цынцынаці беларуска Аляксандра Сасновіч нанесла паразу немцы Андрэа Петкавіч з лікам 7:5, 6:2. Матч працягваўся 1 гадзіну 17 хвілін.
Менскае „Дынама” перамагло берасцейскіх аднаклубнікаў ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты менскага „Дынама” перамаглі берасцейскіх аднаклубнікаў з лікам 2:0 у хатнім матчы 19-га тура чэмпіянату Беларусі. Абодва мячы ў дынамаўскім дэрбі былі забітыя ў канцоўцы таймаў: перад самым перапынкам лік адкрыў Уладзіслаў Клімовіч, а незадоўга да фінальнага свістка апошнюю кропку паставіў Іван Бахар. Вынікі іншых сустрэч: берасцейскіх „Рух” абыграў „Іслач” – 7:1, „Віцебск” і мазырская „Славія” згулялі ўнічыю 2:2, „Тарпеда-БелАЗ” саступіў „Слуцку” – 0:1. „Нёман” быў мацней за „Гомель” – 1:0, дзякуючы голу Андрэя Якімава на 22 хвіліне матчу. БАТЭ таксама мінімальна абыграла „Мінск” – адзіны гол забіў Павел Сігневіч на 68-й хвіліне. Лідэр чэмпіянату салігорскі „Шахцёр” згуляў унічыю ў гасцявым матчы са „Смаргонью”- 2:2.
«Барселона» перамагла «Рэал Сосьедад» у стартавым туры Прымеры
У першым туры Прымеры «Барселона» на сваім полі ўпэўнена абыграла «Рэал Сасьедад» з лікам 4:2. Дублем у складзе каталонскай дружыны адзначыўся Марцін Брэйтуэйт. Варта адзначыць, што датчанін здолеў за адзін матч забіць столькі ж галоў, колькі за ўвесь папярэдні сезон у чэмпіянаце Іспаніі. „Тотэнхэм” узяў верх над „Манчэстар Сіці” у матчы 1-га тура чэмпіянату Англіі па футболе. Перамогу шпорам прынес гол Сон Хон Міна – 1:0.
Памёр легендарны нямецкі футбаліст Герд Мюлер
Чэмпіён свету і Еўропы ў складзе зборнай ФРГ, лепшы бамбардзір у гісторыі Бундэслігі Герд Мюлер памёр на 76-м годзе жыцця. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце мюнхенскай „Баварыі”. „Баварыя” аплаквае Герда Мюлера, якога не стала рана раніцай у нядзелю. Яму было 75 гадоў „, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы клуба. У 2015 годзе ў зорнага ў мінулым футбаліста была дыягнаставана хвароба Альцгеймера. Апошнія гады жыцця ён правёў у доме састарэлых для пацыентаў з прагрэсавальнай дэменцыяй. Герду Мюлеру, якога празвалі бамбардзірам нацыі, належыць рэкорд выніковасці ў гісторыі Бундэслігі – 365 галоў.
Беларускае Радыё Рацыя