Алесь Астроўскі: Сцвярджэнне, што расейцы і беларусы адзін народ антынавуковае



Месяц таму на афіцыйным сайце прэзидэнта Расеі быў апублікаваны скандальны з аднаго боку, і абсурдны з іншага, артыкул, за подпісам Уладзіміра Пуціна. Яго называюць праграмным дакумантам, дактрынай, якая павядзе Расею па шляху нястрыманай экспансіі і заваёвы Украінскіх і Беларускіх зямель. Напісаны ён ў традыцыі прыдворных маскоўскіх гісторыкаў 19-га стагоддзя. Аналіз гэтага опуса расейскага лідара і яго пагрозу для Беларусі, дае ў размове з нашым карэспандэнтам Якубам Сушынскім Госць Рацыі, рэдактар сайта „Беларусь – Наша Зямля”  Алесь Астроўскі:

РР: Для таго, каб размаўляць пра тэму дактрынальных закідаў Пуціна варта напэўна зазірнуць не на гістарычныя асновы яго выказванняў, а менавіта на палітычны падтэкст?

– Цалкам згодны, я гляджу з тых самых пазіцый на гэты „твор”. Хутчэй за ўсё гэта нават не твор, гэта – палітычная акцыя. Бо артыкул Пуціна пад назвай, што рускія і ўкраінцы – гэта адзін народ выйшаў на афіцыйным крамлёўскім сайце kremlin.ru месяц таму, і натуральна выклікаў ажыятаж і вялікую рэакцыю з боку шматлікіх палітолагаў. Як унутры Расеі, так ці былых савецкіх палітолагаў, якія цяпер знаходзяцца на захадзе, так і натуральна з боку многіх украінцаў. Але трэба падкрэсліць: гэты артыкул не мае навуковага сэнсу. Разглядаць яго як нейкае апісанне гісторыі і падзей на тэрыторыі цэнтральнай і ўсходняй частцы Еўропы не выпадае, гэта – палітычны дакумент, у ім натуральна не ўтрымліваецца доказаў таго, што ўкраінцы расейцы і беларусы – там узгадваецца і нашая гісторыя і наш народ – з’яўляюцца адзіным народам. Утрымліваюцца нацяжкі і падтасоўванне фактаў, наўпроставыя фальсіфікацыі гістарычных падзеяў. Але больш за ўсё там назіраецца скажэнне ў інтэрпрэтацыі гістарычных падзеяў.

Калі ўзяць такую схему: нехта з расейскіх імператараў, цароў захапіў частку тэрыторыі Беларусі ці Украіны, і з пазіцыі Пуціна гэта азначае, што расейцы, беларусы і ўкраінцы – гэта адзін народ. Гэта абсалютнае глупства нават з пазіцыі элементарнай логікі. У сувязі з тым, што гэты артыкул не проста не навуковы, гэта артыкул антынавуковы, многія называюць яго альбо нейкім опусам, альбо, падкрэсліваючы яго палітычнае значэнне, называюць яго ультыматумам, праграмай будучай анэксіі расейскай імперыяй украінскіх і беларускіх зямель. Некаторыя называюць нават „Mein Kampf”, толькі ўжо Пуціна. Вядомы палітолаг Андрэй Піянткоўскі сказаў, што гэты артыкул будзе адным з самых важных дакументаў на будучым Нюрнбергскім працэсе супраць Пуціна і яго атачэння ў сувязі з тымі злачынствамі, якія Пуцін ужо зрабіў у дачыненні да украінскага і беларускага народаў, і яшчэ збіраецца зрабіць. 

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Алесь Астроўскі

Беларускае Радыё Рацыя