Аляксандра Сасновіч выйшла ў асноўную сетку турніру ў Цынцынаці



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (90-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабілася ў асноўную сетку буйнога турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці. У вырашальным кваліфікацыйным паядынку беларуска перайграла ў двух сэтах прадстаўніцу Германіі Андрэа Петкавіч (68) – 7:5, 6:2. У першым раўндзе асноўнага этапу Сасновіч сустрэнецца з брытанскай тэнісісткай Хізэр Уотсан (67). Пераможцу іх паядынку ў 1/16 фіналу чакае сустрэча з першай ракеткай планеты аўстралійкай Эшлі Барці.

Дзмітрый Кузьмін падпісаў кантракт пачаткоўца з „Вініпег Джэтс”

Абаронца Дзмітрый Кузьмін падпісаў кантракт пачаткоўца з „Вініпег Джэтс”. 18-гадовы гулец і клуб заключылі здзелку тэрмінам на 3 гады. Беларус быў выбраны клубам на драфце НХЛ 2021 года ў трэцім раўндзе пад агульным 82-м нумарам. У мінулым сезоне абаронца выступаў у чэмпіянаце Беларусі за „Дынама-Маладзечна”. У 46 матчах рэгулярнага чэмпіянату ён здолеў набраць 11 (3+8) выніковых балаў пры паказчыку карыснасці „-2”.

Дзяніс Грачыха прызнаны найлепшым гульцом ліпеня, Арцём Чалядзінскі – найлепшы трэнер

Дзяніс Грачыха прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў ліпені. 22-гадовы паўабаронца берасцейскага „Руха” правёў тры матчы, забіўшы ў іх два мячы. Усяго ў цяперашнім першынстве Дзяніс Грачыха забіў чатыры галы. Найлепшым трэнерам ліпеня стаў 43-гадовы настаўнік менскага „Дынама” Арцём Чалядзінскі. Яго падапечныя перамаглі ва ўсіх трох праведзеных матчах з агульным лікам 9:2.

Крысціна Ціманоўская выступіла на міжнародным турніры ў Шчэціне

Крысціна Ціманоўская выступіла на міжнародным турніры ў Шчэціне. На дыстанцыі 100 і 200 метраў яна стала трэцяй, а ў спрынтарскім двуборстве – другой. Яшчэ адна беларуска Марыя Жодзік, не дапушчаная на Гульні ў Токіо з-за недахопу пробаў, там жа выйграла спаборніцтвы ў скачках у вышыню.

Расціслаў Вяргун захаваў пасаду галоўнага трэнера „Цмокi-Менск”

Беларускі спецыяліст Расціслаў Вяргун захаваў пасаду галоўнага трэнера „Цмокi-Менск”. Баскетбольны клуб і настаўнік дамовіліся аб працягу супрацоўніцтва, адзначае прэс-служба „драконаў”. Вяргун кіруе сталічнай камандай са снежня 2019 года, пад яго кіраўніцтвам „Цмокі” двойчы выйгралі чэмпіянат Беларусі, а ў мінулым сезоне ўпершыню дабраліся да групавога этапу Лігі чэмпіёнаў ФІБА.

Мбапэ мае намер папрасіць прэзідэнта „ПСЖ” пачаць перамовы па трансферы ў мадрыдскі „Рэал”

Форвард „ПСЖ” Кіліан Мбапэ мае намер бліжэйшым часам перайсці ў мадрыдскі „Рэал”. Як сцвярджае журналіст Жазэп Педрэроль, француз хоча, каб трансфер адбыўся чым хутчэй. Мбапэ хацеў сысці з „ПСЖ” і да пераходу ў каманду аргентынскага форварда Ліянэля Месі. Цяперашні кантракт француза з „ПСЖ” мінае наступным летам.

Беларускае Радыё Рацыя