Адбыўся фестываль песеннага фальклору на Лідчыне



У аграгарадку Мажэйкава Лідскага раёна адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі”.

Гэта ўжо трэці па ліку фестываль на Гарадзеншчыне. Арганізатарам яго з’яўляецца Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

А пачыналася ўсё вось як. У 1992 годзе ў Польшчы выйшла кніга Земавіта Фядэцкага з маёнтка Лебяда Лідскага павета “Цёплыя вечары ….. ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie, у якую ўвайшлі беларускія народныя песні, запісаныя пераважна ў вёсцы Феліксава Лідскага раёна ў 1942-1943 гадах. Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабой: і праз вайну, і праз пасляваенную разруху, і праз варшаўскі побыт, такі далёкі ад страчанай, як падавалася, навек Беларусі. За ўсім гэтым бачна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да малой радзімы. І радзіма адказала яму такой жа любоўю. У 2017 годзе на Лідчыне па ініцыятыве рэдактара часопіса „Лідскі летапісец” і газеты „Наша слова” Станіслава Судніка, і дзяржаўнай установы „Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” быў заснаваны адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага. Гэта адбылося ўсяго праз восем гадоў пасля смерці Фядэцкага, што і многім вялікім было б за гонар.

Сёлета фестываль па традыцыі пачаўся з загалоўнай песні “Цёплыя вечары…” ў выкананні жаночай фальклорнай групы з Мажэйкаўскага Дома культуры. У конкурсе бралі ўдзел 12 удзельнікаў (выканаўцаў і калектываў) з усёй Лідчыны. Майстар-клас даваў заслужаны аматарскі калектыў “Гасцінец” з Ракава Валожынскага раёна пад кіраўніцтвам Лізаветы Пятроўскай.

На фестывалі гучалі песні са зборніка Земавіта Фядэцкага, а таксама запісаныя ў розных іншых рэгіёнах Лідскага раёна.

Выступленні ўдзельнікаў можна было слухаць бясконца. Але конкурс ёсць конкурс, і журы, якое ўзначальваў рэдактар газеты “Наша слова”, пісьменнік Станіслаў Суднік, было вымушана вызначаць пераможцаў.

Лаўрэатамі І ступені сталі: жаночы фальклорны гурт з Мажэйкаўскага Дом культуры” і Філіпава Аляксандра, Жыдзіс Данута, Кавалеўская Зінаіда („У канцы грэблі шумяць вербы”), з вёскі Мінойты Лідскага раёна…

Трэці фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага паспяхова адбыўся. І гледзячы па тым, што акрамя носьбітаў народныя песні выконваюць і моладзь, і дзеці, можна сцвярджаць, што беларуская народная песня на Лідчыне жыве і будзе жыць. Таму – да сустрэчы на чацвёртым фестывалі.

 

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Лідскі раён

Фота аўтара