Андрэй Ягораў: Публічнасць – адзін са сродкаў абароны



Публічнасць – адзін са сродкаў абароны. Былы дыплямат Ігар Ляшчэня стаў 631-м палітвязьнем. У Беларусі шырыцца спіс асобаў, якіх пераследуюць па палітычных матывах. „Патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ігара Ляшчэню і спыніць яго крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных”, — цытата з супольнай заявы праваабарончых арганізацыяў Беларусі. У сітуацыя, калі грамадства амаль нічога не можа зрабіць – адзін з важных інструментаў змагання – гэта публічнасць. Так пра статус палітвязня кажа палітолаг, аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

„Статус палітзняволенага надае больш публічнасці гэтым людзям. Пра іх больш пішуць, яны з’яўляюцца ў спісах праваабарончых арганізацыяў, пра іх кажа міжнародная супольнасць, некаторыя заходнія палітыкі пачынаюць кампанію ў іх падтрымку. Я думаю, што для абароны людзей гэта дастаткова важна”.

Пераслед па палітычных матывах ў Беларусі  – пашыраная практыка, але 2020 год – паказаў увесь рэпрэсіўны характар беларускіх афіцыйных уладаў. На сёння ў Беларусі палітвязнямі прызнаныя 631 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя