Ірына Халіп: У 2011 годзе палітвязняў абменьвалі на крэдыты



Гандаль палітвязнамі – справа звычная для беларускіх уладаў. Узгадвае беларуская журналістка Ірына Халіп, якая неаднаразова падвяргалася крымінальнаму пераследу за сваю прафесійную дзейнасць, а пасля выбарчых падзей 2010 года, як жонка палітыка Андрэя Саннікава – была затрыманая і змешчаная ў СІЗА КДБ. Яе абвінавачвалі па артыкуле аб масавых беспарадках, а пазней вызвалілі пад ціскам міжнароднай супольнасці. Гісторыя паўтараецца з палітвязнямі 2020 года, кажа Ірына Халіп. 

– Нічога новага зараз не адбываецца. Беларускія ўлады заўсёды бралі закладнікаў. Мы памятаем 2011 год, калі нас усіх, я кажу нас, таму што я тады была як раз у спісе палітвязняў, нас абменьвалі на крэдыты, на жратву, можна так сказаць. І тады як раз адбылося неверагоднае падзенне беларускага рубля, ён стаў у тры разы таннейшым. Тады ішоў такі абмен, такі гандаль людзьмі.

Інфармацыйныя нагоды пра магчымае памілаванне палітвязняў у Беларусі стварае Юры Васкрасенскі, былы супрацоўнік штаба Віктара Бабарыкі, які пасля сустрэчы ў СІЗА КДБ з Аляксандрам Лукашэнкам – стаў супрацоўнічаць з уладамі. Менавіта ён рассылаў лісты беларускім з просьбай напісаць прашэнне аб памілаванні. Паводле інфармацыі ад сваякоў – большасць адмаўляюцца такія просьбы пісаць, дакладна вядома, што Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і фігуранты «пінскай справы» адмовіліся прасіць у Лукашэнкі памілавання.

Беларускае Радыё Рацыя