Гомельскага валанцёра Іллю Міронава судзяць за майку з надпісам „Пішыце лісты!”



Вядомага гомельскага валанцёра Іллю Міронава, які напісаў ужо больш за 2.500 лістоў палітвязням, судзяць за майку з надпісам „Пішыце лісты!”. Раніцай 17 жніўня валанцёр быў у СІЗА, каб аддаць перадачу, і яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі, склалі пратакол за „несанкцыянаваны пікет” (артыкул 24.34 КоАП).

„Несанкцыянаваным пікетам” міліцыя палічыла майку з надпісам аб лістах. Пасля абеду ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся разбор адміністрацыйнага пратакола. Суддзя — Віктар Казачок.

Ілля Міронаў адмаўляў, што праводзіў пікет. Ён растлумачыў, што носіць майку ўжо некалькі месяцаў. „На майцы напісана „Пішыце лісты!”. Калі ўсе карыстаюцца мэсэнджарамі, я хачу заклікаць людзей часцей пісаць сапраўдныя лісты, якія здольныя перадаць цяпло чалавечых пачуццяў. А прынт з выявай ката на майцы — гэта карціна вядомай беларускай мастачкі, якая прысвяціла гэтую працу мне (маецца на ўвазе Вольга Якубоўская, якая намалявала серыю карцін з катамі. — БелаПАН.)”, — растлумачыў суду валанцёр.

Суддзя пацікавіўся, ці вядома Міронаву пра акцыю, прымеркаваную да дня нараджэння Сяргея Ціханоўскага 18 жніўня. Валанцёр адказаў, што нічога не ведае пра такую акцыю.

Суд працягнецца заўтра. Ноч Міронаў правядзе ў ІЧУ.

belapan.by