Бярозаўскія міліцыянты працягваюць тэрор актыўных грамадзян



Бярозаўскія і белаазёрскія міліцыянты працягваюць пераследаваць актыўных грамадзян проста так, без усякай віны. І гэта адбыввецца сістэматычна на працягу года. Яны лічаць, што такім чынам змогуць дамагчыся выгляду, што з нязгоднымі справіліся. Не даюць нармальным людзям ані жыць, ані працаваць, кажа жыхар Белаазёрска Уладзімір Зубрыцкі:

– Пачалі грукаць а 6:30 раніцы. Натуральна я не адкрываў, бо нікога не чакаю ў гэты час. Яны вартавалі мяне да дзевяці, а дзявятай я выйшаў на працу, і ў пад’ездзе адзін з іх схапіў мяне за рукаў, і казаў: „стой, ты затрыманы”.

Уладзімір Зубрыцкі

Уладзіміра змясцілі на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС. Дзе працягваецца катаванне “палітычных” побытовымі ўмовамі:

– Паліць нельга, ляжаць нельга, пасцель забіраюць на дзень, выдаюць ноччу: гэта толькі вельмі брудны матрац, брудную падушку, і пыльны плед.

Паводле Уладзіміра Зубрыцкага, днём у камеры толькі сядзяць ці стаяць, уначы двойчы будзяць на вобшук, кожны дзень адзін раз раздзяванне дагала на вобшук і тры-чатыры разы без раздзявання. Святло не выключаецца. На незаконнае і беспадстаўнае затрыманне ён адказаў трохсуткавай сухой галадоўкай. Але выконваючы абавязкі пракурора Бярозаўскага раёна Дзмітрый Яфімаў і суддзя Людміла Рудзіна не ўбачылі падстаў палічыць затрыманне незаконным.

Беларускае Радыё Рацыя