„Менск” прайграў у паўфінале сваёй групы 1-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў



Жаночы футбольны клуб „Менск” прайграў у паўфінале сваёй групы 1-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў дацкаму Русенборгу – 1:2. Зараз „гараджанкам” трэба будзе правесці суцяшальны паядынак за трэцяе месца. У наступны раўнд выйдзе толькі пераможца квартэта.

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру ў Цынцынаці

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (15-ы нумар сусветнага рэйтынгу) паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-1000 у Цынцынаці. У першым раўндзе адзіночнага разраду Азаранка перайграла ў двух сэтах расейскую тэнісістку Людмілу Самсонаву (52) – 6:2, 6:3. У 1/16 фіналу Вікторыя Азаранка сустрэнецца з амерыканкай Алісан Рыск (37). Уладзімір Ігнацік (376-ы нумар рэйтынгу АТП) выбыў у 1/8 фіналу турніру ў чэскім Прасцеяве. Беларус саступіў прадстаўніку ЗША Тобі Кодату – 6:4, 5:7, 1:6.

Беларускія гандбалісты стартавалі з дзвюх перамог на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы

Гандбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) двойчы перамаглі на старце чэмпіянату Еўропы ў другім дывізіёне, які праходзіць у балгарскай Варне. У першым матчы папярэдняй групы В падапечныя Васіля Астроўскага разграмілі Фінляндыю – 30:20. Самым выніковым стаў Ігар Бяляўскі, які закінуў 8 мячоў. У другім туры беларусы таксама ўпэўнена перайгралі каманду Літвы – 41:23. Па 9 мячоў у гэтай сустрэчы закінулі Ігар Бяляўскі і Кірыл Самойла. 19 жніўня беларускія гандбалісты сустрэнуцца са славакамі.

Гран-пры Японіі адменены з-за каронавіруса

Гран-пры Японіі адменены з-за каронавіруса ў гэтым сезоне „Формулы-1”, – паведамляе прэс-служба гоначнай серыі. Адзначаецца, што аб пераглядзе календара гонак абвесцяць у бліжэйшыя тыдні. Спаборніцтвы павінны былі прайсці з 8 па 10 кастрычніка 2021 года на трасе „Судзукі”. У апошні раз Гран-пры Японіі ў гэтай краіне праводзіўся ў 2019 годзе.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя