Вярхоўны Суд прызнаў арганізацыю «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» тэрарыстычнай



Па заяве генеральнага пракурора Вярхоўны Суд прызнаў нефармальную арганізацыю «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» тэрарыстычнай.

У апублікаваным на сайце пракуратуры паведамленні гаворыцца, што названая супольнасць была створана ў верасні 2020 года «ў мэтах ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці і аб’ядноўвала радыкальна настроеных грамадзян для гвалтоўнай змены дзяржаўнай улады».

На думку пракуратуры, кіраўнікі і сябры арганізацыі нібыта «не толькі абмяркоўвалі, але і прыступілі да здзяйснення актаў тэрарызму на тэрыторыі Беларусі для дэстабілізацыі грамадскага парадку, аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады».

З сённяшняга дня, 18 жніўня, дзейнасць АГСБ на тэрыторыі Беларусі забароненая: рашэнне Вярхоўнага Суда ўступіла ў сілу.

novychas.by