Агляд прэсы: «Бег»



Пуцін рыхтуе пераварот у Беларусі і ўдар па НАТА. Паток бежанцаў з Афганістану: Еўропа ў разгубленасці. Гішпанія высылае ў Марока непаўналетніх бежанцаў. Сляды жнівеньскага перавароту. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Брытанская газета Daily Express папярэджвае аб тым, што расейскі дыктатар паклаў вока на Беларусь у надзеі выкарыстаць леташнія хваляванні на карысць Маскве.

«Стратэгічныя мэты Крамля рэалізуюцца схавана: праз спалучэнне эканамічных, ваенных і палітычных крокаў. Прызначэнне расейскім амбасадарам у Менску дыпламата і па чутках афіцэра выведкі ў савецкім КДБ Яўгена Лук’янава, павінна аблегчыць расейскім кампаніям захоп ключавых галін беларускай эканомікі. У іх ліку беларускі гігант па вытворчасці калійных угнаенняў «Беларуськалій» і кампанія «Гродна Азот» – на іх ужо нацэліліся пракрамлёўскія алігархі Сулейман Керымаў і Дзмітрый Мазепін», – адзначае брытанская газета.

Таксама выданне піша, што эканоміка беларусаў залежыць ад імпарту расейскай нафты па ільготных цэнах, а таксама экспарту нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Расея нарасціла ў Беларусі ваенную прысутнасць і ў гэтым годзе праводзіць практычна бесперапынны цыкл вучэнняў, чыёй кульмінацыяй стануць вераснёўскі «Захад – 2021», які замацуе у Беларусі дэ-факта «пастаянную прысутнасць Расеі».

«Апошні кавалак гэтай мазаікі – спробы Крамля падмяць пад сябе палітычную сістэму Беларусі праз пракрамлёўскія партыі ў яе парламенце. У гэтай сувязі Пуцін цісне на Лукашэнку, каб той змяніў канстытуцыю і ўзмацніў ўладу парламента ў шкоду прэзідэнцкай уладзе. На гарызонце – зліццё абедзвюх краін. Нават без фармальнага саюзу гэта зацвердзіць панаванне Расеі над заходнім славянскім суседам», – папярэджвае Daily Express.

***

Пасля прыходу да ўлады талібаў у Афганістане з краіны шырыцца паток бежанцаў. Трагічныя сцэны ў кабульском аэрапорце ўзрушылі сусветную грамадскасць. Міністры ўнутраных спраў ЕЗ абмяркоўваюць пытанне аб тым, як быць з тымі сотнямі тысяч людзей, што зараз пакідаюць Афганістан. Мяркуючы па артыкулах у еўрапейскай прэсе, пераканаўчых адказаў у Еўропы няма.

«З-за страху перад наплывам бежанцаў ЕЗ нават гатовы пачаць перамовы з талібамі», – крытыкуе італьянская газета Il Manifesto.

«Канада абвясціла аб тым, што гатовая прыняць больш за 20 000 бежанцаў. Нават Косава, Албанія і Паўночная Македонія заявілі аб сваёй гатоўнасці прыняць па тысячы чалавек, хай і на абмежаваны перыяд часу. А Еўразвяз тым часам гатовы сесці за стол перамоваў з талібамі, нават не чакаючы, ці выканаюць тыя свае абяцанні ўстрымацца ад помсты грамадзянам, якія супрацоўнічалі з заходнім кантынгентам. Акрамя гэтага, Еўразвяз прыкладае намаганні да таго, каб тыя, хто бяжыць з Афганістану, былі прынятыя ў суседніх з ім краінах», – падсумоўвае італьянскае выданне.

***

Мадрыд і Рабат падпісалі пагадненне аб паэтапнай рэпатрыяцыі ў Марока сяміста непаўналетніх бежанцаў, якiя ўтрымлiваюцца пад вартай у гішпанскім анклаве Сеута з траўня гэтага году. Тады мяжу перасеклі каля 10 000 чалавек; прычым усе паўналетнія былі неадкладна дэпартаваныя ў Марока. Прэса краіны абураная тым, як гішпанскі ўрад збіраецца паступіць з непаўналетнімі.

«Пакт паміж Мадрыдам і Рабат мае адны толькі адмоўныя наступствы», – піша гішпанская газета La Vanguardia.

«Наступствы негатыўныя і для тых непаўналетніх, што ўжо былі павяртаныя ў краіну зыходу, і для ўраду Гішпаніі, у адрас якога зараз гучаць абвінавачванні ў парушэнні закону, як з боку генпракуратуры, так і з боку дзіцячага амбудсмена, адвакацкай палаты і НДА. Страты панесла і рэпутацыя кіруючай кааліцыі. Мноства даследаванняў кажа пра тое, што для падтрымання нармальнага функцыянавання цэлага шэрагу абласцей эканомікі Еўропе ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі спатрэбяцца мільёны і мільёны імігрантаў. І падобныя крызісы варта разглядаць як магчымасць дасягнення міжпартыйных пагадненняў і кансэнсусу», – лічыць гішпанскае выданне.

***

Брытанская газета The Guardian успамінае пераварот 19 жніўня 1991 году і пра тое, як праз пяць месяцаў СССР спыніў сваё існаванне: «Ніхто на Захадзе гэтага не чакаў, але шок ад непрадказальнай падзеі саступіў месца перакананню, што яна была непазбежнай. Распад звышдзяржавы, пабудаванай для выканання марксісцкага прароцтва, павінен быў паслужыць папярэджаннем супраць усіх прэтэнзій на веданне правілаў гісторыі і вызначэнне яе прызначэння».

Аднак выйшла інакш, а таму выданне падкрэслівае, што ў многіх еўрапейскіх краінах умераным кансерватарам і сацыял-дэмакратам кідаюць выклік або іх нават выцясняюць ксенофобы і нацыяналісты, якія пераймаюць метады Пуціна і паўтараюць яго тэзу, згодна з якой ЕЗ разбурае сябе масавай іміграцыяй і дэградуе праз сацыяльны лібералізм.

«Разважаючы пра перспектывы афганскіх бежанцаў ці беларускіх дысыдэнтаў, цяжка не адчуць страшнае маральнае спусташэнне; жах ад вяртання да мінулага, запраўлены гневам і горам па страчаных дзесяцігоддзях, якія пачаліся з неабдуманага параду перамогі Захаду ў халоднай вайне», – адзначае The Guardian.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.