Дар’я Жураўская: Курсы „Мова-Нанова” выканалі сваю мэту



Як зменіцца ў Берасці моўная сітуацыя без курсаў „Мова-Нанова”? У сувязі з палітычным крызісам у краіне ці стала родная мова больш папулярнай? Якія перавагі маюць беларускамоўныя берасцейцы? Адказы на такія ды іншыя пытанні дала наша сённяшняя Госця Рацыя берасцейская грамадская дзяячка, актыўная наведвальніца моўных курсаў Дар’я Жураўская ў гутарцы з Алісай Поль.

РР: Якія магчымасці для вывучэння беларускай мовы яшчэ засталіся, ці ёсць яшчэ такія зараз у афлайне?

Дар’я Жураўская: Па-першае, застаецца магчымасць чытаць фэйсбук. Там ёсць розныя цікавыя групы. І ў інстаграме, і ў фэйсбуку ёсць розныя суполкі, дзе можна вывучаць і сучасную беларускую мову і нейкія старыя словы, цікавыя выразы. І ніхто не забараняе пакуль што беларускую літаратуру, чытаць нашых добрых, выдатных пісьменнікаў, вершы, іншыя творы. Таму шмат чаго засталося. І трэба карыстацца тым, што ёсць. У фэйсбуку, зараз не магу сказаць, што вельмі часта, але ўсё ж такі, калі трапляе, то заўсёды цікаўлюся нейкімі новымі словамі, нейкімі новымі выразамі. Стараюся падвышаць сваю кваліфікацыю ў гэтай галіне.

РР: Ці нешта зменіцца ў Берасці з адсутнасцю такой афлайн-пляцоўкі?

Дар’я Жураўская: Безумоўна. Улады ведалі што робяць, калі закрывалі «Мову-Нанова». Мяне больш здзіўляе тое, што гэта было зроблена толькі ў 2021 годзе. Чаму гэта не зрабілі раней? Гэта ж такая «бомба». «Мова-Нанова» – гэта пляцоўка не толькі для таго, каб вывучаць родную мову, а гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвала людзей з падобнымі меркаваннямі, з агульнымі поглядамі на жыццё, на культуру, на гісторыю Беларусі. Гэта людзі з дастаткова высокім інтэлектуальным узроўнем. Людзі, якія маюць шмат ведаў у галіне гісторыі Беларусі, той сапраўднай гісторыі, а не сфальсіфікаванай. Таму, безумоўна, гэта вельмі цяжка, вельмі балюча. Але можна сказаць нашым уладам, што «Мова-Нанова» ўсё роўна ўжо выканала тое, для чаго яна была зроблена, і гэтай мэты «Мова-Нанова» ўсё роўна ўжо дасягнула. Склалася кола, якое ўжо нікуды не знікне. Чалавек, які ўжо пачаў цікавіцца, ён ужо ніколі не адыдзе ад гэтага і заўсёды будзе рухацца ў добрым накірунку.

Цалкам размова:

Дар’я Жураўская дадала, што за апошні час кола беларускамоўных асобаў у абласным цэнтры павялічылася ў некалькі разоў. І нават закрыццё „Мова-Нанова” ў афлайн фармаце не стане перашкодай для далейшага вывучэння роднай мовы.

Размаўляла Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя