“Вопыт прысутнасці” Марыны Бацюковай
26 жніўня 2021 года а 17-й гадзіне ў галерэі “Панарама” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (22-гі паверх, пр. Незалежнасці, 116) адбудзецца адкрыццё фотавыстаўкі Марыны Бацюковай “Вопыт прысутнасці”, прымеркаванай да 30-годдзя творчай дзейнасці беларускай фотамастачкі.
Марына Бацюкова – удзельніца і куратар шматлікіх выставак і праектаў у Беларусі і за мяжой, член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў.
Экспазіцыя “Вопыт прысутнасці” – серыя здымкаў, зробленых падчас падарожжаў па Германіі, Ізраілю, Азербайджану, Грузіі, Францыі і Арменіі ў перыяд 2014–2015 гг. Гэта візуальны дзённік уражанняў ад асабістага знаёмства з краінамі, мастацкія вынаходкі і ўнікальныя вобразы.
Армянскія музычныя матывы, рытмы гарадоў Мюнхена і Берліна, выразы твараў і глыбокія вочы жыхароў Грузіі, інапланетны горад Мцхета, чароўны Уплісцыхе, тэатр марыянетак Рэзо Габрыядзэ, легкі танцавальны подых французкіх сквераў, шум Парыжу, каларытны Баку – усё гэта стварае ўнікальную аўтарскую прастору ўражанняў, прастору паміж рэальнасцю і асобай, паміж марай і вопытам прысутнасці.
Нацыянальны і культурны каларыт краін прадстаўлены манахромнымі фотаздымкамі-гісторыямі, вельмі рэальнымі, дасканалымі, знятымі на плёнку і надрукаванымі ўручную ў класічнай тэхналогіі бром-срэбраных адбіткаў, чыстымі малюнкамі оптыкі.
Здымкі дэманструюцца ў Беларусі ўпершыню.
На адкрыццё ўваход вольны, у астатні час уваход складае кошт наведвання агляднай пляцоўкі.
Выстаўка будзе працаваць да канца кастрычніка.
