Агляд прэсы: захад Еўропы
Беларусь – новая зброя ў арсенале гібрыднай вайны Пуціна. Як Эўропа рэагуе на падзеі ў Афганістане? Міхаіл Гарбачоў – трагічны герой. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Трохбаковая група Вялікабрытаніі, ЗША і ЕЗ, якая вызначае агульны падыход да Беларусі, можа быць эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі абмеркаванне прадугледжвае, як надалей мець справу з Расеяй», – адзначае брытанскае выданне Chatham House.
Выданне падкрэслівае, што цяперашні рэжым у Беларусі ўжо паказаў, што ён без ваганняў праяўляе гвалт да ўласных грамадзян, беларускіх і замежных журналістаў, як у межах краіны, так і за яе межамі, пры поўным ігнараванні бяспекі грамадзян іншых пацярпелых краін.
«Трохбаковая група Вялікабрытаніі, ЗША і ЕЗ павінна абмежаваць доступ да лонданскага Сіці і іншых фінансавых рынкаў з мэтай атрымання грошай кампаніямі, якія маюць якія -небудзь сувязі з урадам Расеі. Няма сэнсу, каб глабальныя фінансавыя цэнтры дапамагалі ўзбагачаць рэжым, які актыўна вядзе гібрыдную вайну супраць свайго народу, і неразумна чакаць яшчэ большага гвалту з боку Беларусі ці Расеі, які спансуецца дзяржавай, перш чым заходнія саюзнікі прымусяць прыняць рашучыя меры», – настойвае брытанскае выданне.
Еўрапейскія краіны асцерагаюцца, што з прыходам «Талібану» Афганістан зноў стане платформай для міжнародных тэрарыстычных груповак, такіх як «Аль-Каіда», падкрэсліваюць аналітыкі Augsburger Allgemein .
«Джо Байдэн не чакаў, што вывад амерыканскіх войскаў прывядзе да хаосу ў Афганістане. Прэзідэнт ЗША заявіў, што краіна гатова пакінуць вайскоўцаў у рэгіёне да канца жніўня. Злучаныя Штаты ўмяшаюцца зноў, толькі калі новая ўлада пяройдзе «чырвоныя лініі», а менавіта – пачне пакрываць тэрарыстычныя групоўкі», – паведамляе нямецкае выданне.
«Рашэнне ЗША вывесці вайскоўцаў з Афганістану і прыход да ўлады талібаў выклікаў гнеў Вялікабрытаніі, бо дзяржава была другім па велічыні пастаўшчыком войскаў», – піша амерыканская газета The New York Times. Падкрэсліваецца, што цяпер Борысу Джонсану, які імкнуўся наладзіць адносіны з Джо Байдэнам, прыйдзецца перагледзець ўзаемадзеянне з ЗША ў будучых аперацыях па бяспецы. Газета нагадвае, што Джонсан сустрэўся з разгневаным парламентам, які адклікалі з вакацый, і абвясціў, што краіна прыме да 5 тысяч бежанцаў з Афганістану, тады як паводле праграмы па перасяленню планавалася 20 тысяч чалавек.
«Путч ў жніўні 1991 году азнаменаваў канчатковы распад Савецкага Саюзу і канец прэзідэнцтва Міхаіла Гарбачова. У Еўропе вынаходніка галоснасці і перабудовы шануюць па гэты дзень, але ў Расеі праз 30 гадоў яго ўсё яшчэ аспрэчваюць. Чаму?», – задаецца пытаннем нямецкае выданне Die Welt.
«У гадавіну жнівеньскага путчу Гарбачоў заявіў: «Я веру, што дэмакратычны шлях развіцця Расеі – адзіна правільны, што толькі на гэтым шляху наша краіна можа развівацца і вырашаць любыя праблемы. Пустэча – сімвал таго, як да гэтага палітыка ставяцца ў сённяшняй Расеі пры Уладзіміры Пуціне. Гарбачова ў Расеі цураюцца, адмаўляюць, а некаторыя нават ненавідзяць. У гэтым ёсць адмысловая трагедыя, бо менавіта ён наогул зрабіў магчымым тое, што ў час яго знаходжання на пасадзе кіраўніка Крамля людзі мелі права крытыкаваць яго і іх не адпраўлялі, як гэта было прынята у Савецкім Саюзе, у працоўны лагер (ГУЛАГ) або ў вар’ятню як нібыта «псіхічна хворых», – піша Die Welt. – «Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, будучы ідэалістам, змяніў свет і застаецца адным з найвялікшых рэфарматараў XX стагоддзя».
Нягледзячы на масавыя пратэсты, французскі ўрад прыняў рашэнне аб уводзе так званага кавідовага пашпарту здароўя. Ужо з мінулага тыдня гэты дакумент неабходна прад’яўляць пры наведванні рэстаранаў і шэрагу гандлёвых цэнтраў, а таксама пры пасадцы ў самалёты і цягнікі. Некаторыя краіны, такія як Італія, яшчэ раней пайшлі па такім шляху, іншыя пакуль вагаюцца. Не ўсе СМІ ўпэўненыя ў правільнасці такога падыходу.
На думку французскай газеты Contrepoints, увядзенне пашпарту вакцынацыі размывае асновы асноў Французскай Рэспублікі.
«Такі пашпарт – доля краіны, у якой правы чалавека гарантаваныя не ўсім грамадзянам, але толькі вакцынаваным асобам. Сярод катэгорый, якія зараз займаюць нашы розумы, паняцце «свабода» узнікае даволі часта, а вось такія словы, як «роўнасць» прынамсі, перад законам, і «братэрства», ужо даўно і трывала забытыя», – адзначае французскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка