„Карагодная справа” – 20 чалавек чакаюць суду
20 чалавек – столькі чакае перадачы справы ў суд па берасцейскіх карагодах. Агулам па крымінальнай палітычна матываванай справе праходзіць 108 жыхароў Берасцейшчыны.
Агулам, як паведамляецца ў следчым камітэце, сілавікі ўстанавілі 115 асобаў, але не ўсім змаглі пад’явіць абвінавачванні. У суды было перададзена дзесяць справаў, па якіх абвінавачваецца 88 чалавек.
Абвінаваўчыя прысуды ўжо вынесены ў адносінах сямі дзесяткаў чалавек. Яны знаходзяцца ў СІЗА ці ва выпраўленчых установах адкрытага тыпу ў залежнасці ад пакарання.
Асноўнае абвінавачванне па карагоднай справе датычыцца таго, што жыхары Берасцейшчыны без адпаведнага дазволу выйшлі на праспект Машэрава на перакрыжаванні з бульварам Касманаўтаў і пачалі вадзіць карагод, чым стварылі цяжкасці ў працы грамадскага транспарту.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя