Яшчэ шэсць чалавек асудзілі на тэрміны ад 3 да 4 гадоў калоніі за „масавыя беспарадкі” ў Берасці
20 жніўня ў судзе Маскоўскага раёна Берасця быў абвешчаны прысуд па справе аб “масавых беспарадках” за падзеі 10 жніўня 2020 года ў горадзе для шостай партыі абвінавачаных. Пра гэта паведамляе “Брэсцкая Вясна”.
Суддзя Іна Клышпач палічыла віну шасці мужчын даказанай па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і прызначыла ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму на наступныя тэрміны:
Уладзіміру Кобрынцу — 4 гады; Андрэю Кандрасюку — 4 гады; Артуру Аміраву — 3 гады і 6 месяцаў; Мікалаю Малюце — 3 гады; Раману Паўленку — 3 гады; Вадзіму Чапялевічу — 3 гады. Менавіта такое пакаранне запрашвала дзяржабвінавачанне ў асобах Дар’і Жук і Вадзіма Багаткі.
Нагадаем, Андрэй Кандрасюк расказваў на судзе, як яго збівалі ў аўтазаку. А Уладзімір Кобрынец адзначыў, што суткі правёў у „спартзале” РАУС, куды трапіў з-за таго, што папрасіў сілавікоў выклікаць хуткую для хлопца з гумавай куляй у жываце.