Вызвалены топ-менеджар «PandaDoc» Віктар Куўшынаў
Менеджар па прадукце кампаніі «PandaDoc» Віктар Куўшынаў вызвалены з-пад варты. Пра гэта Reform.by стала вядома ад яго сваякоў.
Куўшынава і яшчэ траіх супрацоўнікаў «PandaDoc» затрымалі 2 верасня. Ім прад’явілі абвінавачанне па ч. 4 арт. 210 КК «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры». Сцвярджалася, што яны завалодалі грашовымі сродкамі ў памеры каля 107 тысяч беларускіх рублёў з бюджэту праз вяртанне ПДВ, прычыніўшы тым самым шкоду дзяржаве. У дадатак да гэтага на БТ «PandaDoc» абвінавачвалі ў фінансаванні пратэстаў.
Адзін з затрыманых, дырэктар менскага офіса кампаніі Дзмітрый Рабцэвіч, быў вызвалены пад падпіску на наступны дзень пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА КДБ. 13 кастрычніка былі вызваленыя з-пад варты галоўная бухгалтарка Юлія Шардыка і HR Уладзіслаў Міхалап.