Аблсуд пакінуў у сіле рашэнне аб арышце віцебскага краязнаўцы



Абласны суд 20 жніўня разгледзеў скаргу краязнаўцы і фотамастака Віктара Барысенкава на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Віцебска.

13 жніўня суддзя Уладзімір Царыкаў палічыў Барысенкава вінаватым па арт. 19.10 КоАП (прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі альбо атрыбутыкі) і прызначыў яму сем сутак арышту.

Краязнаўца апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы „УКантакце” фатаграфіі вызваленага ў 1944 годзе Віцебска. На адным з кадраў — савецкія салдаты, якія трымаюць трафей — сцяг са свастыкай. Публікацыю ўбачылі сілавікі і склалі пратакол паводле арт. 19.10 КоАП.

Барысенкаў падаў скаргу на рашэнне раённага суда. Аднак суддзя абласнога суда Ірына Смалякова пакінула рашэнне ў сіле, то бок краязнаўца адбудзе арышт.

З суда Віктар Барысенкаў пайшоў дадому, яго не затрымалі. Але, як растлумачылі юрысты, цяпер у любы момант да яго могуць прыйсці з міліцыі або патэлефанаваць і запатрабаваць, каб ён сам з’явіўся адбываць арышт.

Краязнаўца здзіўляецца, чаму абодва суды палічылі фота з воінамі-вызваліцелямі „дэманстрацыяй нацызму”.

„Гэта архіўны здымак, зроблены ў Віцебску ў 1944 годзе. На ім нашы салдаты трымаюць трафей — сцяг пераможанага ворага. Я не скінхэд, не неанацыст. Я папулярызую нашу гісторыю. У маёй калекцыі 2.300 фота, многія з іх рэдкія. Да іх звяртаюцца гараджане, музейшчыкі, гісторыкі. Два мае дзяды загінулі на вайне. І мяне абвінавацілі ў „прапагандзе нацызму”. Як гэта магчыма?” — пацікавіўся ён на судовым пасяджэнні.

БелаПАН