Уладзімір Хільмановіч: Журналістаў караюць па артыкулах, прыцягнутых “за вушы”



«Існуе комплексная прычына шматлікіх выклікаў журналістаў у Берасцейскім і Гарадзенскім рэгіёнах», – мяркуе гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.

“Гэта і мэтанакіраваная, паслядоўная зачыстка інфармацыйнага поля, змаганне з тымі незалежнымі журналістамі, якія не маюць магчымасці атрымаць акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі”, – кажа праваабаронца.

 – Гэта журналісты Беларускага Радыё Рацыя і Белсату найперш, сябры БАЖ, з якімі органы вядуць цэлы час змаганне, перыядычна рэпрэсуючы, выдумляючы абсурдныя адміністрацыйныя справы. Ставяць вышэй заканадаўста другаснае, дзе, дарэчы, не сказана, што можна караць, гэтыя артыкулы прыцягваюцца “за вушы”. Паводле Канстытуцыі кожны грамадзянін, не тое што журналіст, мае права на выраб і распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў. 

«Тым больш з юрыдычнага пункту гледжання няма і размовы пра выраб інфармацыйных матэрыялаў. Журналісты толькі робяць запісы, якія выпускае ўжо тая ці іншая рэдакцыя», – дадае Уладзімір Хільмановіч.

Па яго словах, нельга сярод прычынаў не назваць і набліжэнне Дня Волі ў Беларусі і традыцыйныя зачысткі да гэтага свята дэмакратычнай супольнасці. Нагадаем, напярэдадні у міліцыю выклікалі трох журналістаў з Гародні Алеся Кіркевіча, Алеся Дзянісава і Андрэя Мялешку, журналіста з Берасця Алеся Ляўчука 26 сакавіка чакае суд.

Атон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя