Кіраўнік МЗС Украіны: Прамых пагроз ад Беларусі няма, але ўсё можа змяніцца ў любы момант
Зараз „відавочных прамых пагроз” ад Беларусі няма, але „ў любы момант усё можа змяніцца”, таму што „Аляксандр Лукашэнка можа ў любы момант прыняць любое рашэнне”, заявіў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба у інтэрв’ю ўкраінскай рэдакцыі радыё „Свабода”.
„І да вось гэтых розных сцэнарах мы павінны быць гатовыя”, — падкрэсліў ён.
На думку кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі, сітуацыя ў Беларусі будзе „арэлямі”. „Відавочна, што Аляксандр Лукашэнка хоча дэманстраваць сваю ўладу і помсціць тым краінам, якія, на яго думку, дзейнічаюць супраць яго, рознымі шляхамі, у тым ліку пропускам незаконных мігрантаў на мяжу з ЕЗ. Таму мы павінныя быць гатовыя да любога сцэнара. І гэтае пытанне з’яўляецца абсалютна прыярытэтным для ўрада, для прэзідэнта”, — сказаў Кулеба.
Ён адзначыў, што Украіна актыўна дапамагае Літве „адгароджвацца калючым дротам ад Беларусі”. „Мы вельмі ўдзячныя Літве за тое, што яна гэтак дружалюбная да нас і падтрымлівае заўсёды. І калі ў нас з’явілася нагода падтрымаць іх, мы адразу гэта зрабілі”, – заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
БелаПАН