Палітвязень Царыкевіч выйшаў на свабоду пасля адбыцця пакарання
Палітвязень Віктар Царыкевіч 22 жніўня вызвалены пасля адбыцця пакарання, паведамляе тэлеграм-канал пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна”.
Жыхар Мастоў Царыкевіч быў прыгавораны да года пазбаўлення волі. Яму было выстаўленае абвінавачанне па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса пасля правядзення ў верасні—кастрычніку мінулага года серыі акцый: размалёўка аўтобусных прыпынкаў у Мастоўскім раёне, вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў на дрэвах, а таксама пудзіл у форме міліцыі.
Сёння стала вядома і пра вызваленне блогера з Беразіна Паўла Вінаградава, якога 19 жніўня не выпусцілі пасля 45 сутак арышту. Ён быў затрыманы 5 ліпеня і першапачаткова атрымаў 15 сутак. Пасля да іх дадалі яшчэ 30 сутак. Агульны тэрмін арышту мінуў 19 жніўня. Аднак Вінаградаў быў зноў затрыманы на 72 гадзіны. У дачыненні да яго распачатая справа па ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта) за пост у Фэйсбуку ад 8 траўня.