Вацлаў Арэшка: Мусім умацоўваць сваю еўрапейскую ідэнтычнасць



Адстаяць цывілізацыйны выбар і будучыню Беларусі, – такая галоўная задача стаіць зараз перад беларускім грамадствам і яго творчай, інтэлектуальнай, актыўнай і думаючай часткай. Такія высновы былі зроблены ўдзельнікамі круглага стала „Беларускі культурны герой: рыцар на раздарожжы”, які прайшоў у Менску. Па словах вядучага гэтага мерапрыемства, культуролага Вацлава Арэшкі, шмат хто зараз адчувае небяспеку, якая пагражае не толькі мове і культуры Беларусі, але і беларускай нацыі і дзяржаве.

– І трэба працягваць умацоўваць беларускую нацыю ўвогуле, і канкрэтна беларускую ідэнтычнасць, як еўрапейскую ідэнтыўнасць, еўрапейскімі каштоўнасцямі, еўрапейскімі параметрамі, а не як частку, так званага, “рускага міра”, што нам навязваюць нашыя суседзі. З такой працай па ўмацаванні гэтай ідэнтычнасці вельмі важную ролю можа адыграць грамадзянская супольнасць увогуле і культурны сектар у першую чаргу.

Абмеркаванне праблемаў дазволіць скаардынаваць і падсумаваць агульныя думкі прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і выйсці на нацыянальную стратэгію. Толькі так можна аб’яднацца і адстаяць цывілізацыйны выбар і будучыню Беларусі як незалежнай краіны ў гэты складаны і небяспечны час, – лічыць Вацлаў Арэшка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя