Ідзе прыём дакументаў у беларускую анлайн-школу ва Украіне



Час зараз гарачы – ідзе прыём дакументаў і падрыхтоўка да навучальнага года, кажа акторка і спявачка Анастасія Шпакоўская, ініцыятарка беларускай анлайн-школы ва Украіне, якая ўжо працуе з лістапада. Наперадзе новы навучальны год. У школе каля 30-ці дзяцей. Заяваў шмат, многія хочуць, каб беларускія дзеці працягвалі сваю адукацыю ва Украіне ў тым ліку і ў беларускім кантэксце.

Але ёсць і праблемы, бацькам перашкаджаюць забіраць дакументы з беларускіх школаў, падкрэслівае Анастасія Шпакоўская:

– Ёсць пэўныя складанасці ў бацькоў з тым, каб забіраць дакументы з беларускіх школ, таму што па заканадаўстве абавязкова мусяць аддаваць дакументы нават тады, калі мы дасылаем спраўку ў электронным выглядзе, што дзіцё будзе вучыцца ў нашай школе. Беларускі бок часам падкідвае яшчэ праблемаў, каб не проста было перавесці ў нашую школу дзяцей з Беларусі.

Беларуская анлайн-школа ва Украіне дае атэстацыю дзяржаўнага ўзору. Тут украінская навучальная праграма, а як дадатак – прадметы беларускага напрамку — беларуская мова, літаратура і гісторыя.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: svaboda.org