ЕАБР кампенсуе Беларусі страчаныя з-за санкцый інвестыцыі міжнародных фінансавых інстытутаў
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) зацвердзіў у сваёй новай стратэгіі на 2022—2026 гады планы па частковым замяшчэнні страчаных з-за заходніх санкцый інвестыцый у эканоміку Беларусі міжнародных фінансавых інстытутаў.
„Рост фінансавання праектаў з боку ЕАБР. Частковае замяшчэнне страчаных інвестыцый міжнародных інстытутаў, якія прыпыняюць дзейнасць у краіне”, — адзначаецца ў апублікаванай стратэгіі банка ў частцы ініцыявання праектаў у Беларусі.
Згодна з дакументам, назапашаны аб’ём інвестыцый ЕАБР у Беларусь складзе не менш за 1,5 млрд долараў ЗША. Пры гэтым доля Беларусі ў інвестыцыйным партфелі банка не зменіцца і складзе 25%.
Раней у кіраўніцтве ЕАБР заяўлялі пра гатоўнасць разгледзець магчымасць замяшчэння Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця на беларускім рынку. У ЕАБР ужо ёсць такі вопыт у Расеі, калі ЕБРР вырашыў спыніць сваю дзейнасць з-за санкцыйных рэжымаў.
Еўразійскі банк развіцця з’яўляецца фінансавай арганізацыяй, заснаванай у 2006 годзе Расеяй і Казахстанам для садзейнічання развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў. Яго статутны капітал складае 7 млрд долараў ЗША. Дзяржавамі — удзельніцамі банка з’яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан.
БелаПАН