Выйшлі з друку “Выбраныя творы” Пятра Васючэнкі



У знакамітай серыі “Беларускі кнігазбор” у Менску свет пабачылі “Выбраныя творы” таленавітага беларускага літаратуразнаўца, крытыка, празаіка, драматурга, эсэіста, казачніка, педагога, кандыдата філалагічных навук Пятра Васючэнкі (1959-2019).

Вялікі том Пятра Васючэнкі склалі раздзелы “Проза”, “Драматургія”, “Літаратуразнаўства” і “Дадатак” (Успаміны).

У раздзеле прозы і драматургіі чытачы з цікавасцю прачытаюць апавяданні Пятра Васючэнкі, казачную аповесць “Прыгоды паноў Кубліцкіх ды Заблоцкага”, раман-бурлеск “Дванаццаць подзвігаў Геракла”, п’есы “Прысуд адкладваецца” і “Паэт і дзяўчынка”.

Літаратуразнаўчыя артыкулы Пятра Васючэнкі, якія ўвайшлі ў кнігу, прысвечаныя “Тарасу на Парнасе” Канстанціна Вераніцына, мастацкім таяніцам Якуба Коласа, сімвалізму Максіма Багдановіча, мастацкім адкрыццям Вацлава Ластоўскага, трагікамедыі “Тутэйшыя” і камедыі “Паўлінка” Янкі Купалы, містычнаму падарожжу Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча), а таксама даследаванні пра Яна Баршчэўскага, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Гаруна і г.д.

У кнізе надрукаваныя светлыя ўспаміны пра Пятра Васючэнку Лявона Баршчэўскага і Ніны Здановіч. Дарэчы, Ніна Здановіч з’яўляецца таксама ўкладальніцай “Выбраных твораў” разам з Кастусём Дуброўскім. Яна зрабіла і каментар да твораў. А прадмову да аднатомніка напісала Ірына Бурдзялёва.

Нагадаем, што Пятро Васючэнка быў родам з Полацка. Яго раптоўна не стала ў жніўні 2019 года на 61 годзе жыцця.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя