„Каб вырашыць праблему беспрацоўя, трэба адкручваць, а не закручваць гайкі”



Так мяркуе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Праект закона аб спагнанні падатку з дармаедаў унесены ў Савет міністраў. Улады называюць яго дэкрэтам аб стымуляванні занятасці грамадзянаў.

РР: Давайце раставім прыярытэты. Хто вінаваты ў тым, што грамадзяне не плацяць падаткі, а такіх, канешне, не мала? З іншага боку, пытанне: дзе ім працаваць?

Аляксандр Ярашук: Ужо ў самім пытанні закладзены і адказ! Канешне, вінаватая дзяржава! Прычым тут грамадзянін? Калі гэтыя 400 тысяч чалавек не маюць магчымасці ўладкавацца на працу, то гэта праблема цалкам дзяржавы, а не паасобных грамадзянаў. І калі людзі маюць магчымасць працаваць неафіцыйна, то гэта зноў-такі віна ўлады, якая вядзе некарэктную палітыку ў сферы занятасці. Але пачынаць трэба з таго, што каму якая справа: працуе чалавек ці не? Гэта яго асабістае права, а не абавязак, як гэта было прапісана ў савецкай канстытуцыі. Але ж мы жывём паводле Канстытуцыі Беларусі. У дадзеным выпадку маем дачыненне з прымусам да працы, які асуджаецца Міжнароднай арганізацыяй працы. Беларускія ўлады ўжо мелі падобны вопыт у 2011 годзе, калі быў прыняты дэкрэт па дрэваапрацоўцы, у якім ёсць элементы прымусу да працы. Дэкрэт №29, які ўвёў сістэму, калі людзі не могуць звальняцца, – гэта таксама прымусовая праца.

РР: Згодна з праектам дэкрэта, дакладна не будуць патрабаваць заплаціць падатак з бацькоў малагадовых дзяцей ды інвалідаў. Каго яшчэ трэба ўключаць у гэты спіс, калі дэкрэт усё ж будзе зацверджаны?

Аляксандр Ярашук: Пакуль мы не бачылі праекта гэтага дэкрэта, але, згодна з разважаннямі  чыноўнікаў, размова ідзе пра тое, што беспрацоўныя карыстаюцца бясплатнай медыцынай. Але ў гэтым выпадку ўсё вырашаецца проста: калі грамадзянін нідзе не працуе, увядзіце парадак, згодна з якім ён павінен аплочваць медыцынскую страхоўку ці візіт у лекара. Не трэба нічога выдумляць і не трэба ніякіх дэкрэтаў! Калі дзяржава хоча грамадзянаў, якія па тых ці іншых прычынах не працуюць,  прымушаць да працы, а ў той жа час нічога не робіць для таго, каб ствараліся працоўныя месцы – гэта нонсэнс!  Таму ніякага сэнсу няма нават абмяркоўваць, хто павінен уваходіць у спісы плацельшчыкаў падатку.

РР: Па падліках Лукашэнкі і яго набліжаных, у Беларусі каля 400 тысяч беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці. Ва ўмовах, калі заводы, прадпрыемствы пераходзяць на скарочыны працоўны тыдзень, скарачаюць штаты, як выглядае прапанова ўлады караць дармаедаў?

Аляксандр Ярашук: Грошай няма, і ўлады шукаюць любую крыніцу папаўнення бюджэту. Напэўна, такія дэкрэты з’яўляюцца перадусім дзякуючы рэпрэсіўнаму спосабу мыслення нашых чыноўнікаў, перанятых з савецкіх часоў. Нават рыторыка і тэрміналогія перанесены ў наш час – дармаеды. Але ўсё, чаго дасягнулі ў СССР, змагаючыся з дармаедамі, – гэта развал таталітарнай сістэмы. Гэты крок не дадасць папулярнасці і беларускім уладам. Канешне, гэта не азначае, што заўтра апублікуюць дэкрэт  і пачнуцца масавыя акцыі пратэсту, але складаецца агульны фон незадаволенасці. Тым не менш, ніхто не хоча, каб з-за бязглуздых законаў пацярпелі людзі. Гэтыя  дэкрэты ніякіх праблем не вырашаюць, а толькі ствараюць дадатковыя. 

РР: Як сёння Беларусь можа вырашыць праблему беспрацоўя? Зразумела, патрэбны эканамічныя рэформы. Але ці ёсць магчымасці ўладкаваць столькі людзей? Можа, лепш бы ўлады не агалялі настолькі сур’ёзную праблему, правакуючы народныя масы перад выбарамі?

Аляксандр Ярашук:  Эканамічная мадэль Лукашэнкі збанкрутавала. Буйныя прадпрыемствы страцілі канкурэнтаздольнасць. А гэта пацягнула скарачэнні. Роля такіх прадпрыемстваў у сферы занятасці насельніцтва рэзка знізілася, паўстала праблема беспрацоўя, якую дзяржава не ведае, як вырашаць. Гэтую сітуацыю ўжо прайшлі многія краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У гэтай сітуацыі яны рабілі адно і тое ж – стваралі перадумовы для стварэння працоўных месцаў. А гэтага немагчыма зрабіць, не прыйшоўшы да эканамічнай лібералізацыі, без падтрымкі сярэдняга і малога прадпрымальніцтва. У Беларусі зараз патрэбна не закручваць, а адкручваць гайкі – ствараць працоўныя месцы, а не караць беспрацоўных.

З Аляксандрам Ярашуком гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя