У лідара „Перспектывы” Анатоля Шумчанкі прайшоў вобшук
У старшыні грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі вечарам 24 жніўня прайшоў вобшук.
Прадстаўнікі Следчага камітэта правялі вобшук „у межах праверкі датычнасці да крымінальнай справы”, якую вядзе СК, напісаў Шумчанка ў „Фэйсбуку”. Раней ён паведаміў, што яму патэлефанавалі з „крымінальнага вышуку” і апавясцілі: да яго едуць „з лістом ад Следчага камітэта”.
На пытанне БелаПАН, пра якую справу ідзе гаворка і што было канфіскавана, лідар „Перспектывы” заявіў, што пакуль абмяжуецца сваім паведамленнем у „ФБ”. „У любым выпадку будзе допыт. Альбо мяне забяруць, альбо выклічуць. Там і ўдакладню, што можна казаць, а што не”, — адказаў Шумчанка.
Ён таксама паведаміў, што 25 жніўня пройдзе першае судовае пасяджэнне па справе аб ліквідацыі „Перспектывы”. Іск у Вярхоўны суд падало Міністэрства юстыцыі. 15 ліпеня Следчы камітэт наклаў арышт на разліковы рахунак арганізацыі.
БелаПАН