Віктар Валадашчук: Мы баронім правы “маленькага чалавека”



Амаль 18 гадоў выходзіць у свет адноўленае незалежнае перыядычнае выданне “Газета Слонімская”. У пачатку 2006 году, сярод іншых незалежных выданняў, газету выкінулі з падпісных каталогаў “Белпошты” і сістэмы распаўсюду праз “Белсаюздрук”, наклад газеты значна знізіўся, аднак і цяпер складае пяць тысяч экземляраў. Як кажа заснавальнік і галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук, газета заўсёды прытрымліваюцца пэўных прынцыпаў у працы:

– Мы імкнемся бараніць правы “маленькага чалавека”, якога крыўдзяць, які пастаянна ходзіць з адной канторы ў другую і дабіваецца ад бюракратаў вырашэння сваіх праблем. Але яго адусюль выштурхоўваюць. І тады ў рэшце рэшт ён звяртаецца да нас. І мы пра гэта пішам. І таму чыноўнікам мы не падабаемся.

„Газета Слонімская” — найстарэйшае незалежнае перыядычнае выданне ў Слоніме. Першапачаткова яна выйшла 25 снежня 1938 года. Яе выдаўцамі былі беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн ды яго жонка Людміла. Аднак хутка газета спыніла існаванне з прычыны забароны яе ўладамі ды арышту выдаўца.

„Газета Слонімская” была адноўлена ў 1997 годзе як грамадска-палітычнае незалежнае выданне.  Цяпер выходзіць на 40 старонках разам з рэкламнай газетай «Отдушина» і пашыраецца праз распаўсюднікаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Антона Сурапіна