Сяргей Пальчэўскі: акцыя ў Курапатах была адной з нешматлікіх паспяховых
У Беларусі настолькі складаная сітуацыя, што немагчыма спрагназаваць, калі скончыцца палітычны і эканамічны крызіс. Што пра гэта думаюць тыя, хто пакінуў Беларусь раней. Пра асабісты лёс і лёс Беларусі мы пагаворым з госцем Радыё Рацыя, сябрам Руху салідарнасці „Разам” і чальцом „Маладога Фронту” Сяргеем Пальчэўскім:
РР: Сяргей, Вы змагар па жыцці, таму пайшлі ў „Малады Фронт”, абаранялі Курапаты, нават пайшлі на радыкальны крок, калі прыкавалі сябе кайданкамі да бампера грузавіка, потым паехалі ваяваць на Данбас. Ад каго Вы перанялі такое вольналюбства?
– Я нават не ведаю, адкуль я гэта пераняў, мае бацькі ў палітыцы асабліва не ўдзельнічалі. Погляды ў іх былі таксама апазіцыйныя, але я не такі змагар, з пакалення да пакалення. Я заўсёды цікавіўся палітычным жыццём, але доўгі час ні ў якія партыі не ўступаў. Мне было каля 30 год, калі я пазнаёміўся найперш з Дашкевічам, і мы пачалі рабіць ужо радыкальныя акцыі ў рамках „Маладога Фронту”.
РР: Вы працавалі разам з Дашкевічам? Я чытала ў інтэрнэце, што Вы таксама рабілі мэблю, як і ён.
– Да таго, як я пазнаёміўся з Дашкевічам, я працаваў на „Атланце” як майстар у аддзеле лагістыкі. Калі я ўжо пачаў займацца палітычным жыццём, то сам вырашыў звольніцца адтуль, бо там яшчэ працавалі мае бацькі: мама бухгалтарам, бацька. І я б не хацеў іх неяк падстаўляць, таму што разумеў, што ціск у нейкім выпадку будзе ісці найперш на бацькоў. Таму я звольніўся, і Зміцер прапанаваў мне разам з ім рабіць шафы ў кухні. Так я пачаў працаваць з Дашкевічам.
РР: Разам з Дашкевічам Вы пачалі ахоўваць Курапаты?
– Разам з Дашкевічам пайшлі, калі з’явілася гэта інфармацыя, што там пачынаюць будаваць бізнэс-цэнтр. Мы на агульным сходзе „Маладога Фронту” вырашылі, што пойдзем абараняць можна сказаць гонар нацыі, таму што гэта такое сакральнае месца. І вось 6 чалавек нас з „Маладога Фронту” пагадзілася ў гэтым удзельнічаць, ну і дзякуй Богу ўсё атрымалася. Адна з нешматлікіх акцый, пра якую можна сказаць, што яна атрымалася абсалютна паспяховай – бізнэс-цэнтру не пабудавалі.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З нашым госцем размаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя